Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анжаліка Борыс, старшыня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, сказала сёньня ў Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі, што яна падтрымлівае палітыку адчыненых дзьвярэй Эўразьвязу для Беларусі і выступае за спрашчэньне візавых працэдур для беларускіх грамадзян.

"Ёсьць выказваньні пра ўвядзеньне санкцый, але я як грамадзянка Беларусі з 2005 году ніколі не намаўляла да санкцый. Лічу, што трэба забясьпечыць адкрытасьць для грамадзян Беларусі, для грамадзтва,– цытуюць Анжаліку Борыс польскія СМІ.– Каб звычайныя грамадзяне Беларусі маглі лягчэй атрымаць візу і наведваць Эўропу".

Борыс таксама сказала журналістам, што, прадстаўляючы беларускую сытуацыю ў Брусэлі, яна хоча гаварыць аб праблемах усяго грамадзтва. "Гэта праблема ня толькі палякаў, але Беларусі",– дадала яна.

Тым часам беларуская амбасада ў Варшаве ў заяве для польскіх СМІ паведаміла, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка адказаў на ліст прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, у якім той выказаў заклапочанасьць сытуацыяй польскай меншасьці ў Беларусі.

"Аляксандар Лукашэнка адказаў на ўсе пытаньні, пастаўленыя польскім прэзыдэнтам, і выказаў спадзяваньне на ўзважаны і поўны павагі дыялёг між Беларусьсю і Польшчай дзеля далейшага разьвіцьця сяброўскіх і добрасуседзкіх адносін паміж нашымі дзяржавамі",– цытуюць заяву беларускай амбасады ў Варшаве польскія СМІ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG