Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч абірае Брусэль перад Масквой


Віктар Януковіч

Віктар Януковіч

Віктар Януковіч першы свой замежны візыт зробіць у Брусэль.

Там плянуюцца яго сустрэчы з прэзыдэнтам Эўразьвязу Гэрманам ван Ромпэем, прэзыдэнтам Эўракамісіі Жазэ Мануэлам Барозу і прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам, паведамляе “Коммерсант-Украина”.

Афіцыйна пра візыт, які, паводле папярэдняй інфармацыі, заплянаваны на 1 сакавіка, будзе абвешчана пасьля інаўгурацыі Віктара Януковіча, якая заплянаваная на 25 лютага.

Пасьля Брусэлю, таксама ў сакавіку, Віктар Януковіч наведае Маскву. Дамоўленасьць пра гэта дасягнутая падчас тэлефоннай размовы Януковіча з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

Паводле выданьня EUobserver.com, візыт Януковіча ў Брусэль закліканы акрэсьліць яго зьнешнепалітычныя прыярытэты і разьвеяць вобраз украінскага палітыка як стаўленіка Крамля.

Падчас пасяджэньня Рады міністраў Эўразьвязу 22 лютага Польшча выступіла з прапановай абмеркаваць зь Януковічам плян увядзеньня бязьвізавага рэжыму з Украінай.

Паводле EUobserver.com, прапанаваны да абмеркаваньня праект не абавязвае краіны ЭЗ адмяняць памежныя бар’еры ў тым выпадку, калі Ўкраіна ня будзе садзейнічаць шэрагу прынцыповых умоваў, сярод якіх — рэфармаваньне пашпартнага рэжыму.

Паводле выданьня, спадзявацца на адмену візаў у Шэнгенскія краіны найбліжэйшым часам украінцам ня варта. Аднак працяг перамоваў у гэтым пытаньні даў бы важны палітычны сыгнал як украінскай кіроўнай эліце, так і шараговым грамадзянам.
XS
SM
MD
LG