Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія гульні ў Ванкувэры — вачыма вядомых у Беларусі людзей. Ці вераць яны ў посьпех беларускіх алімпійцаў? Як ацэньваюць каляспартовы антураж Алімпіяды? Якое ўвогуле месца ў іх жыцьці займае вялікі спорт?


Паказальна, што падчас амаль усеагульнага спартовага псыхозу і ў Беларусі застаюцца выспы, дзе алімпійскімі баталіямі амаль не цікавяцца. За 30 кілямэтраў ад Менску, у Ракаве, алімпійскія жарсьці не знаходзяць падтрымкі ў мясцовых жыхароў. Мастак, заснавальнік першай у Беларусі прыватнай мастацкай галерэі з побытавым комплексам Фэлікс Янушкевіч распавядае, што ракаўцы не падпалі пад кампанію амаль абавязковага заўзеньня:

“Да спорту стаўленьне ня тое што абыякавае, але мне ўсё адно. Я абсалютна да яго спакойны, да спорту. У нас тэлевізара няма, дык мы ўвогуле нічога не глядзім. Інфармацыю нейкую чуем, што дзесьці хтосьці выйграў, а так асабліва ніхто ў нас гэтым не цікавіцца. У Ракаве гэта ўспрымаецца як нешта далёкае: дзе тая Канада, а дзе Ракаў? Займаемся сваімі пытаньнямі, бо мы ж на вёсцы жывём. А на вёсцы шмат іншых праблемаў — у каго хата гарыць, каму вады трэба паднесьці. Ёсьць справы”.

Карэспандэнт: “То бок патрыятызмам ніхто не перапаўняецца?”

“Ды не, які патрыятызм? Усё спакойна, усе занятыя жыцьцём пры зямлі. Да таго ж, у Ракаве няма ніводнага спартовага клюбу. Каб быў хоць адзін клюб, “Спартак” ці “Дынама”, то, можа, мы таксама ўдзельнічалі б у працэсе. Але ж кадраў вёска не гадуе, гарады гадуюць спартоўцаў. Вёскі ж нічога не даюць, на жаль. Каб яны арганізавалі нейкую сэкцыю алімпійскую ў Ракаве, то мы паказалі б усяму сьвету ўзровень нашых здольнасьцяў (сьмяецца). У нас вунь якія матакі па Ракаве бегаюць. А пасьля сьпіваюцца — і ўсё, ніякіх алімпійскіх дасягненьняў.

У нас тут свая алімпіяда. Зімой усе нясуцца з горада ў лазьню. З лазьні ў сьнег — бэмс, прыгажосьць! Так што ў гэты час самы аздараўляльны пэрыяд. Свая алімпійская праграма: мастацтва, лазьня, сьнег. Атрымліваецца амаль што набор джэнтэльмэна”.

Сёньня позна ўвечары і далёка ад Ракава зборная Беларусі ў хакеі пазмагаецца за права працягнуць хакейны турнір у алімпійскім Ванкувэры. Супернік на стадыі 1/8 фіналу — каманда Швайцарыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG