Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі цэхаў прадпрыемства “Гродна Азот” пачалі патрабаваць ад рабочых, каб тыя пакінулі шэрагі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Лідэр прафсаюзу Сяргей Антусевіч зьвярнуўся ў пракуратуру.

Пра факты ціску на рабочых з боку адміністрацыі распавядае юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве “Гродна Азот” Аляксандар Парадкаў.

“Людзі да нас прыходзяць і скардзяцца, што ад іх патрабуюць, каб яны пісалі заявы аб выхадзе зь Беларускага незалежнага прафсаюзу, інакш, маўляў, звальняйцеся. Начальнікі кажуць, што іх прымушае да гэтага вышэйшае кіраўніцтва”.

Лідэр прафсаюзу Сяргей Антусевіч кажа, што ў цяперашніх эканамічных абставінах улады баяцца незалежных прафсаюзаў, якія могуць ня толькі тлумачыць рабочым прычыны цяжкай сытуацыі, але і выводзіць іх на вуліцу.

Сяргей Антусевіч зьвяртае ўвагу на тое, што падобны ціск у краіне пачаўся і на іншыя недзяржаўныя арганізацыі, да прыкладу — на Саюз палякаў.

Новы, прызначаны з Расеі летась у жніўні, кіраўнік “Гродна Азот” Ігар Жылін, са слоў Антусевіча, заявіў, што існаваньне двух прафсаюзаў немэтазгоднае, і лічыць, што Беларускі незалежны прафсаюз выступае супраць дзяржавы.

Антусевіч: “Ён чамусьці зрабіў выснову — натуральна, ня сам, а з дапамогай ідэалягічнай вэртыкалі — што мы выступаем супраць дзяржаўнага ладу. І калі я пачаў яму нешта пярэчыць, гэта не дало ніякіх вынікаў, бо чалавек ужо мае сфармаваную думку”.

Сяргей Антусевіч кажа, што ўжо зьвярнуўся з адпаведнай заявай у пракуратуру. Падобныя заявы рыхтуюцца і непасрэдна ад тых рабочых, на якіх чыніўся ціск. Вось што сказаў нашаму радыё адзін з шараговых сябраў прафсаюзу:

Спадар: “Нас ужо прасуюць пяць гадоў. Пяць гадоў людзі цярпелі, нават хаваліся, але гэта ўжо надакучыла. І вось ізноў такая сытуацыя…”

Тэхнічны інспэктар Беларускага незалежнага прафсаюзу Анатоль Хацько зьвяртае ўвагу на тое, што ціск на незалежныя прафсаюзы стане прадметам разгляду на Адміністрацыйнай радзе Міжнароднай арганізацыі працы, паседжаньне якой мае адбыцца ў сакавіку ў Жэнэве.

Хацько: “І навошта было цяпер ствараць гэты канфлікт, калі, здавалася б, яго, наадварот, трэба было б залагодзіць? Такое адчуваньне, што ў краіне дзейнічаюць дзьве ўлады. І адной зь іх выгодна, каб Беларусь канфліктавала зь міжнароднымі арганізацыямі”.

Нагадаю, што Беларускі незалежны прафсаюз “Гродна Азот” быў створаны 17 гадоў таму ўсяго 7 сябрамі. Найбольшая колькасьць сябраў налічвалася ў канцы 90-х — на пачатку 2000-х гадоў: звыш тысячы чалавек. Зараз у складзе прафсаюзу менш за 100 сябраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG