Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні не зарэгістравалі назіральніка ад БХК


Раман Юргель

Раман Юргель

Старшыня акружной камісіі па Вішнявецкай выбарчай акрузе №12 Горадні Сяргей Сямашка адмовіўся акрэдытаваць назіральнікам Рамана Юргеля, прадстаўніка ад Беларускага Хэльсынскага камітэта.

22 лютага спадара Юргеля не пусьцілі на паседжаньне камісіі, вусна спаслаўшыся на пастанову ЦВК. А раніцай 23 лютага Раман Юргель атрымаў рашэньне акруговай камісіі ў адмове ў акрэдытацыі, падпісанае спадаром Сямашкам (які зьяўляецца галоўным ідэолягам Гарадзенскага ЖКГ, а таксама памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Антоненкі).

Спадар Юргель перакананы, што ніякага адмысловага паседжаньня акруговай камісіі не было, бо ўчора рэгістравалі ініцыятыўную групу прэтэндэнта ў кандыдаты Юрыя Істоміна, старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП, і ніякіх іншых пытаньняў не разглядалі.

Раман Юргель заявіў Радыё Свабода:

“Я лічу, што гэта абмяжоўвае маніторынг і назіраньне за выбарамі для назіральнікаў ад Беларускага Хэльсынскага камітэта. Пра якую празрыстасьць, адкрытасьць, галоснасьць пры правядзеньні выбараў тут можна казаць?”

Раман Юргель зьбіраецца адскардзіць адмову ў акрэдытацыі акружной камісіі ў ЦВК.
XS
SM
MD
LG