Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вайскоўцы будуць падключацца да міратворчых апэрацыяў ААН


Беларусь прыняла рашэньне аб паступовым падключэньні да ўдзелу ў апэрацыях ААН па падтрыманьні міру.

Пра гэта заявіў намесьнік дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась. Ён узначальвае дэлегацыю Беларусі на сэсіі спэцкамітэту ААН па апэрацыях дзеля падтрыманьня міру, паведамляе Інтэрфакс.

Дагэтуль Беларусь абмяжоўвалася накіраваньнем толькі цывільных спэцыялістаў у склад палявых місій ААН.

Паводле С.Зася, “Беларусь адводзіць ААН першаступенную ролю ў пытаньні забесьпячэньня міжнароднага міру і бясьпекі і выступае супраць любых несанкцыянаваных дзеяньняў у абыход рашэньняў Рады бясьпекі”.

С.Зась сустрэўся з намесьнікам генэральнага сакратара ААН па апэрацыях дзеля падтрыманьня міру Аленам Леруа і намесьнікам генэральнага сакратара ААН па палявой падтрымцы Сюзанай Малькора. Ён заявіў, што Беларусь “сур'ёзна паставілася” да закліку генэральнага сакратара ААН аб пашырэньні ўдзелу ў апэрацыях па падтрыманьні міру, і праінфармаваў кіраўніцтва сакратарыяту “пра гатоўнасьць беларускага боку падключыцца да міратворчай дзейнасьці”.

Ён адзначыў, што ў Беларусі створана неабходная нарматыўная прававая база і ёсьць падрыхтаваныя спэцыялісты. Цяпер, паводле ягоных слоў, завяршаецца вывучэньне шляхоў і мэханізмаў найбольш эфэктыўнага ўваходжаньня ў апэрацыі дзеля падтрыманьня міру.

У Беларусі да 2003 году існавала заканадаўчая забарона на ўдзел у міратворчых місіях. Ад 2003 году ў Беларусі дзейнічае закон “Аб парадку накіраваньня вайскоўцаў ды іншых спэцыялістаў за межы Беларусі для ўдзелу ў дзейнасьці дзеля падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі”. Аднак беларускія вайскоўцы пакуль не ўваходзілі ў склад міратворчых місіяў, бо на гэта патрэбная была палітычная воля.

Усе суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо маюць досьвед удзелу ў міратворчых апэрацыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG