Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія гульні ў Ванкувэры — вачыма вядомых у Беларусі людзей. Ці вераць яны ў посьпех беларускіх алімпійцаў? Як ацэньваюць каляспартовы антураж Алімпіяды? Якое ўвогуле месца ў іх жыцьці займае вялікі спорт?


Намесьнік старшыні камісіі ў ахове здароўя і фізычнай культуры Палаты прадстаўнікоў Пётр Южык лічыць, што для такой спартовай краіны як Беларусь удзел толькі ў шасьці алімпійскіх відах спорту – недапушчальна мала. І прапануе пераўтварыць паўночныя рэгіёны краіны ў цэнтар падрыхтоўкі будучых алімпійцаў. Але, на ягоную думку, цяперашнія дысцыпліны, якія культывуюцца, патрабуюць сур’ёзнай дапрацоўкі:

“Калі параўноўваць зь іншымі Алімпіядамі, то, канечне, прагрэс па мэдалях ёсьць. Бо я думаю, што гэта яшчэ не апошнія нашы ўзнагароды. А вось паглядзеў дзьве гульні зборнай па хакеі, то нейкае дваякае адчуваньне. Хоць вынік нібыта і ня самы дрэнны, але паглядзім, што далей пакажуць.

На мой погляд, усё ж шэсьць відаў, у якіх мы ўдзельнічаем, малавата. Напэўна, ёсьць магчымасьць больш шырока культываваць новыя віды спорту -- тыя, якія для нас увогуле навінкі, адкрыцьцё. Думаю, у гэтым сэнсе трэба актыўней падключаць нашы паўночныя вобласьці – перадусім Віцебшчыну. Там сьнегу заўсёды больш, зіма пачынаецца раней і пазьней заканчваецца. І, натуральна, больш магчымасьцяў выкарыстоўваць прыродны фактар для разьвіцьця менавіта зімовых відаў спорту. Тым ня меней, сёньня ўжо дастаткова іншых магчымасьцяў і ў іншых галінах. Але, на мой погляд, асабліва дзіцячы спорт лепш усё ж разьвіваць менавіта там. Бо зусім іншы нават адбор дзяцей -- яны ўсё ж больш і часьцей там і на лыжах коўзаюцца, і на каньках катаюцца.

А што тычыцца цяперашніх мэдалёвых паказьнікаў, то нават гэтыя два нечаканыя мэдалі ў біятлёне – гэта нармалёва. Я нават упэўнены, што і фрыстайлісты хоць адну ўзнагароду здабудуць. Ужо якой вартасьці мэдаль – не скажу, але прынамсі адзін, мне здаецца, будзе. А можа нават і парачка”.

Папярэдні дзень для беларускіх алімпійцаў у Ванкувэры можна сьмела аднесьці ў пасіў. Лідэр Кубку сьвету ў фрыстайле Антон Кушнір з-за памылкі падчас прызямленьня ня трапіў у фінал спаборніцтваў. Адпаведна, здымаецца пытаньне барацьбы за мэдаль найвышэйшай вартасьці, на які так разьлічвалі спартовыя функцыянэры. Спадзяваньні на іншых беларусаў досыць стрыманыя.

А вось лыжнік Леанід Карніенка ў літаральным сэнсе насьмяшыў народ, “заблудзіўшыся” на трасе перад самым фінішам. Ідучы першым ў паўфінале эстафэтных забегаў, Карніенка збочыў ня ў той калідор, зьвёўшы на нуль ўсе папярэднія высілкі ў пары з Сяргеем Далідовічам. У аналягічнай дысцыпліне не здолелі нічога супрацьпаставіць супэрніцам жанчыны-лыжніцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG