Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Брусэлі лідэр непрызнанага беларускімі ўладамі саюзу палякаў Анжаліка Борыс і лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч правядуць шэраг сустрэчаў у Эўрапарлямэнце і ў Эўракамісіі. На іх будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі.

Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк мае намер прыняць у Брусэлі аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі, старшыню руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча і лідэра непрызнанага афіцыйным Менскам саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс. Таксама пройдуць сустрэчы ва ўсіх парлямэнцкіх фракцыях, а таксама ў Эўракамісіі. На гэтым жа тыдні Эўрапарлямэнт мяркуе прыняць рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі. Перад ад’ездам у Брусэль Спадар Мілінкевіч адзначыў:

Аляксандар Мілінкевіч, Ежы Бузэк
“Відавочна, што значна пагоршылася сытуацыя з правамі чалавека і свабодамі. І Эўрапарлямэнт будзе на гэта рэагаваць. Я думаю, яны будуць шукаць рэальныя спосабы як уплываць на дэмакратызацыю Беларусі, бо іх не задавальняе тое, што адбываецца. Нават ёсьць рэгрэс, гэта відавочна. Дыялёг пакуль што спыняцца ня будзе, але павінны быць мэханізмы эканамічныя і над гэтым будзе ісьці праца. Трэба гаварыць, што ідзе наступ на дэмакратычныя свабоды ў Беларусі, перасьледуюцца і хрысьціянскія дэмакратыі і “Малады фронт”, іншыя арганізацыі. Не рэгіструюцца, штрафуюцца, жорстка разганяюцца акцыі мірнага пратэсту. Безумоўна, павінна быць адэкватная рэакцыя ЭЗ”.

Напярэдадні ў Брусэлі адбылася сустрэча міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу. Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан заявіла, што на гэтай сустрэчы міністраў не закраналася пытаньне санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Але абмяркоўваліся шанцы правесьці дыялёг зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Яна спадзяецца сустрэцца з Мартынавым 25 лютага ў Кіеве, куды яна прыедзе на інаўгурацыю прэзыдэнта Ўкраіны. Ці пойдзе ЭЗ на новыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску?

Паводле нямецкага палітоляга Аляксандра Рара, Эўразьвяз спачатку будзе сур’ёзна разьбірацца з тым, што насамрэч адбылося.

Аляксандар Рар
“Таму цяжка цяпер нешта загадваць на будучае. Я думаю, пакуль гэты канфлікт выключна польска-беларускі. У абодвух бакоў ёсьць свае аргумэнты. Гэта пытаньне абмеркаваньняў, якія цяпер будуць весьціся. Я не магу сабе ўявіць, што з-за канфлікту вакол польскай меншасьці цяпер ЭЗ поўнасьцю замарозіць зноў стасункі, якія з такой цяжкасьцю былі пачаты зь Беларусьсю. Калі Беларусь ня будзе цяпер далей прымаць нейкія контрмеры супраць польскай меншасьці і проста ісьці ва-банк, на далейшыя правакацыі, калі цяпер гэты канфлікт можна неяк замяць ці прыпыніць, знайсьці кампраміс, тады гэты канфлікт можа быць вычарпаны. Можа ЭЗ паспрабуе сваім прамым узьдзеяньнем стаць арбітрам паміж двума бакамі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG