Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады ціснуць палякаў? Толькі давайце адразу адкінем вэрсію, што з прычыны дрымучай дурасьці і неразуменьня свайго шчасьця. Калі гэтая ўлада трымаецца ўжо амаль 16 гадоў, маючы даволі сур'ёзных супернікаў калі не ўнутры, то па меншай меры за межамі краіны, то натуральна меркаваць, што за яе крокамі стаіць нейкі разьлік. Неабавязкова ён заўсёды быў і будзе правільным, неабавязкова ён заўсёды высакародны (ў гэтым якраз ёсьць вялікія сумневы), але прасьцей, разумней і цікавей меркаваць, што ён заўсёды ёсьць.


Малаабгрунтаванай падаецца вэрсія, што спроба ізноў прайсьці “агнём і мячом” па непакорным СПБ – ініцыятыва нейкіх мясцовых кар’ерыстаў. Дакладней, трэба разумець канструкцыю бюракратыі. За іншую ініцыятыву можна і па галаве атрымаць. А за што можна атрымаць па галаве, а за што – узнагароду, чынавенства высьвятляе, седзячы на ўсялякіх высокіх нарадах, ловячы на іх дух, настрой моманту. Калі гэта і было мясцовай ініцыятывай, дык такой, наконт якой адчулі, што і можна, і трэба.

Іншая вэрсія палягае ў тым, што набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, напярэдадні якіх увесь уладны апарат пераходзіць у баявы рэжым. Гэты пераход адчулі на сваёй скуры ўжо многія беларускія палітычныя актывісты, а палякі маглі проста патрапіць за кампанію.


НА гэта і разьлічвалі?


Але ёсьць адна асаблівасьць. Як адрэагуе Эўропа і Варшава ў прыватнасьці на разгон апазыцыйнай акцыі ў Беларусі, на арышт апазыцыйных актывістаў, на ціск на беларускія мэдыі – гэта бабуля надвое варажыла. Могуць адрэагаваць, а могуць і не – у сэнсе асудзіць
менавіта на такую польскую рэакцыю беларускія ўлады і разьлічвалі, менавіта яе і правакавалі.
і працягваць пільна адсочваць сытуацыю. Але тое, што Варшава адрэагуе надзвычай, гранічна рэзка на перасьлед сваіх супляменьнікаў у Беларусі – гэта стопрацэнтна і шмат разоў праверана. У польскай палітычнай клясе да Анжалікі Борыс і яе паплечнікаў ставяцца па-рознаму, але ў размовах наконт польской рэакцыі на ціск на СПБ усе разводзяць рукамі: “Польшча ня можа інакш”.

І каб гэта ўсьведамляць, ня трэба быць вялікім палітычным мысьляром, і афіцыйны Менск гэта, безумоўна, усьведамляў.

І таму ўзьнікае рабочая гіпотэза, што менавіта на такую польскую рэакцыю беларускія ўлады і разьлічвалі, менавіта яе і правакавалі.

Навошта? На мой погляд, плённыя меркаваньні на гэты конт выказалі ўдзельнікі маёй апошняй перадачы “Праскі акцэнт”. На думку Андрэя Дынька, мэта, як і ў 2005 годзе – дыскрэдытацыя апазыцыі і асабіста Аляксандра Мілінкевіча, пазыцыяваньне іх як польскай агэнтуры.

Такі разьлік ня выключаны, але цяпер, калі казаць зусім па шчырасьці, з аднаго боку, апазыцыйныя кандыдаты, у тым ліку і спадар Мілінкевіч, не выглядаюць нават такімі небясьпечнымі, як у 2005 годзе, а з другога, стасункі з Эўропай значна больш шчыльныя, чым тады – ёсьць што губляць. Калі толькі не...

Калі толькі не хацець папсаваць гэтыя стасункі сьвядома.


"НАшых б'юць"


Навошта? Уладзімер Падгол у “Акцэнце” нагадаў, што бітва за танную расейскую нафту зусім ня скончаная і, паводле яго, ціск на
Калі трэба абараняць братоў-беларусаў ад польскіх пагрозаў, дык мыта можа і скінулі б?
беларускіх палякаў можа зьмякчыць непахіснасьць крамлёўскіх вежаў.

Думка цікавая, але калі яе крыху “давярнуць”. Наўрад ці відовішча ціску на беларускіх палякаў можа так ужо расчуліць расейцаў, гэта там выклікае хутчэй кпіны. А вось рэакцыя на гэта афіцыйнай Варшавы, грозныя заявы на адрас Менску, якія гучаць адтуль, пагрозы ўвесьці санкцыі і падняць супраць беларускіх ўладаў усю Эўропу – вось гэта і сапраўды можа выклікаць у Маскве аўтаматычную рэакцыю “нашых б’юць”. Такую ж аўтаматычную, як і рэакцыя Польшчы на перасьлед супляменьнікаў у Беларусі. Ну, а калі трэба абараняць братоў-беларусаў ад польскіх пагрозаў, дык мыта можа і скінулі б? Браты ўсё ж, якіх палякі крыўдзяць.

Прычым неабавязкова, што гучнасьць польскіх заяваў і патрабаваньняў цалкам адпавядае рашучасьці іх зьдзейсьніць. Хутчэй за ўсё, у Варшаве спадзяюцца, што ў Менску спалохаюцца заяваў, проста хаця б адчэпяцца ад СПБ, і Польшчы не давядзецца ўвасабляць свае папярэджаньні ў жыцьцё. Можа так і было б, калі б Менск быў зацікаўлены ў нармалізацыі адносінаў. А калі не? Тады градус, напал польскіх заяваў працуе на плян Менску – каб іх пачулі ў Маскве.


з эўрасяброўствам пачакаем да выбараў?


Ня выключана, што штучна справакаваны канфлікт з Варшавай – частка больш шырокай кампаніі па згортваньні дыялёгу з Эўропай, па, так бы мовіць, продажы Маскве сяброўства з Эўразьвязам. Андрэй Дынько ў маёй перадачы слушна заўважыў, што паток грошай МВФ, дакладней, дынаміка гэтага патоку – ключавы момант у дыялёгу з пункту гледжаньня Менску. Для беларускіх уладаў рэальнае
Выбары не апошнія, на ўсе ніякіх “нафтанаў” не хопіць.
вымярэньне і рэальны плён дыялёгу – грошы. Але раней выдзелены крэдыт ужо атрыманы, крэдыт, абяцаны самім Эўразьвязам, не далі. Ці будуць грошы з Захаду да наступнага лютага – невядома. У лютым – прэзыдэнцкія выбары, калі хто забыўся. І на што іх праводзіць? Ня ў сэнсе прэміі Ярмошынай, а ў сэнсе ўсялякіх сацыяльных падарункаў электарату. Дзе ўзяць грошы? У Расеі. Што прадаць? Можна “Нафтан”. Але дзіка ня хочацца. Выбары не апошнія, на ўсе ніякіх “нафтанаў” не хопіць. Значыць, трэба прадаваць як заўжды – паветра. Калі цана на пацалункі з-за вялікай прапановы і магчымай украінскай канкурэнцыі зьніжаецца, можна паспрабаваць прадаць устрыманьне ад пацалункаў і нават пляўкі з Эўропай.

А ўсяго і трэба для таго – палякаў прыціснуць.

А пасьля выбараў бачна будзе. Можа і ізноў дыялёг адновім. Мы ж эўрапейцы ўсё ж, калі хто забыўся.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG