Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук: Пілёты “Люфтганзы” страйкуюць за свае і нашы правы


З аэрапорту «Менск-2» сёньня ня вылецеў на Франкфурт самалёт авіякампаніі «Люфтганза», паколькі напярэдадні быў адменены рэйс з Франкфурта ў Менск. Прычына — страйк пілётаў авіякампаніі, які працягнецца сама менш тры дні.

Сёньня болей за 50 пасажыраў рэйсу Менск — Франкфурт авіякампаніі «Люфтганза» мусілі здаваць квіткі або перарэгістроўвацца на іншыя авіялініі з-за страйку пілётаў «Люфтганзы». У прадстаўніцтве авіякампаніі ў Менску запэўнілі, што нікога з кліентаў без дапамогі не пакінуць:

«Як звычайна, мы перабраніруем на іншыя авіякампаніі альбо мяняем квіткі на іншыя дні, альбо вяртаем кошт квіткоў. Усё залежыць ад таго, якія існуюць варыянты. Імкнемся рабіць максымум, каб дапамагчы. Такая сытуацыя, наколькі мне вядома, будзе цягам трох дзён: сёньня, заўтра і пасьлязаўтра. Там пабачым», — паведаміла «Свабодзе» супрацоўніца офісу «Люфтганзы» ў Менску.

Намесьнік дырэктара авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец паведаміў, што пасажыры «Люфтганзы» могуць скарыстаць паслугі беларускага перавозчыка.

«Збольшага, раз такая нязвыклая сытуацыя ўзьнікла, то кампанія мусіць усіх забясьпечыць магчымасьцю вылецець. Але і мы можам дапамагчы. На нашы рэйсы квіткі ёсьць. Бліжэйшыя рэйсы на Франкфурт — у сераду і ў нядзелю, яшчэ і ў Бэрлін лятаем».

Паводле эўрапейскіх інфармацыйных крыніц, страйк абвясьціў прафсаюз пілётаў «Люфтганзы», які дамагаецца паляпшэньня ўмоваў працы лётчыкаў і гарантый захаваньня працоўных месцаў. Паводле прафсаюзу, працадаўца вырашыў скараціць колькасьць пілётаў, павялічыўшы колькасьць рэйсаў даччыных кампаній, у якіх пілётам плацяць значна меней. Лётчыкі «Люфтганзы» патрабуюць, каб на ўсіх распаўсюджваліся аднолькавыя правы і каб праблемы адных не вырашаліся за кошт другіх.

Аляксандар Ярашук
Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа, што ягоныя сымпатыі — цалкам на баку прафсаюзу лётчыкаў «Люфтганзы», бо тыя змагаюцца «за свае і нашы правы» і такім змаганьнем забясьпечваюць дэмакратычную эвалюцыю:

«Бо людзі маюць права страйкаваць. У нас, калі нехта пачынае размовы пра страйк, то пачынаецца: вось, яны зажэрліся... І афіцыйная прапаганда менавіта гэтак падае такія працэсы. Між тым гэтак і праходзіць дэмакратычная эвалюцыя».

Аляксандар Ярашук мяркуе, што лётчыкі «Люфтганзы» зарабляюць ня меней за 5 тысяч даляраў і маюць шэраг сацыяльных гарантый. Адзначае прафсаюзны актывіст і тое, што лётчыкам «Люфтганзы» ніхто ня мае права забараніць страйк. Беларускія лётчыкі, паводле Аляксандра Ярашука, зарабляюць больш за сярэдні заробак — ад 400 да 1000 даляраў, у залежнасьці ад клясу ды іншых прафэсійных паказчыкаў. Ці магчыма ўявіць, каб беларускія лётчыкі правялі страйк? Аляксандар Ярашук такога сабе не ўяўляе:

«Гэта немагчыма. Наш закон, які быццам прапісвае гэтую працэдуру, насамрэч не дае магчымасьці правесьці страйк законна. Нідзе, тым больш на транспарце, ды яшчэ ў лётчыкаў».


Да 2003 году ў склад Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў уваходзіў незалежны прафсаюз авіядыспэтчараў, які ўлады закрылі праз суд, прымусова перавёўшы ягоных сябраў у афіцыйны прафсаюз.
XS
SM
MD
LG