Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі паведаміў, што ў яго краіне беларускія адмыслоўцы пабудуюць два заводы: на адным будуць зьбіраць трактары, на другім – грузавыя аўтамабілі. Дыплямат спадзяецца, што праз два гады гэтыя прадпрыемствы ўжо пачнуць вытворчасьць.

Амбасадар Нуньес сказаў: Вэнэсуэла прапанавала Беларусі, акрамя нафты, займацца яшчэ і здабычай на сваёй тэрыторыі газу. І нават – стварыць спэцыяльнае сумеснае прадпрыемства. Аднак беларусы пагадзіліся толькі пашырыць ужо існуючае прадпрыемства, якое займаецца пакуль выключна нафтай. Таму больш дакладна аб газавых пэрспэктывах пакуль казаць цяжка.

Што тычыцца нафты, то тут, як сказаў вэнэсуэльскі дыплямат, “работа ідзе па пляну”. Праўда, больш-менш дакладнага тэрміну, калі пачнецца здабыча, і тут не прагучала.

Амбасадар Нуньес у сваім выступе больш акцэнтаў рабіў на сацыяльных пытаньнях. Так, ён лічыць, што і Вэнэсуэла, і Беларусь ставяць на мэце дамагчыся сацыяльнай справядлівасьці:
Цягам 10 гадоў у нас праведзена 15 рэфэрэндумаў

“А адзіны спосаб дамагчыся сацыяльнай справядлівасьці, прагрэсу і дабрабыту для ўсіх — гэта быць свабодным ад усялякай зьнешняй залежнасьці. Сёлета Вэнэсуэла сьвяткуе 200-я ўгодкі абвяшчэньня сваёй першай нацыянальнай незалежнасьці. А ў лютым 1999 году пачаўся рэвалюцыйны працэс, які дасягнуў нябачанага дагэтуль у Лацінскай Амэрыцы роўню па сваім дэмакратычным і мірным характары. Доказам гэтага служыць такі факт — цягам 10 гадоў у нас праведзена 15 рэфэрэндумаў. Яны арганізоўваліся дзеля таго, каб менавіта народ зрабіў свой выбар”.

Аналітык Уладзімер Мацкевіч цьвердзіць: пры правядзеньні рэфэрэндумаў найперш трэба ўлічваць, у якіх умовах яны адбываюцца:

“Можна колькі заўгодна пытацца ў людзей адказаў на нейкія пытаньні. Але ж калі яны пазбаўлены інфармацыі, якая неабходная для адказаў, то вы атрымаеце не меркаваньне людзей, не меркаваньне народу. Вы атрымаеце толькі пацьверджаньне сваіх рашэньняў. У гэтым сэнсе рэфэрэндумы ў таталітарных краінах ці ў краінах, дзе людзі пазбаўленыя свабоднага атрыманьня інфармацыі, — гэта ёсьць спосаб маніпуляваньня грамадзкім меркаваньнем, грамадзкай думкаю. А ня сьведчаньне дэмакратычнасьці”.
Рэфэрэндумы ў таталітарных краінах ці ў краінах, дзе людзі пазбаўленыя свабоднага атрыманьня інфармацыі, — гэта ёсьць спосаб маніпуляваньня грамадзкай думкаю

Спадар Мацкевіч адзначае, што Вэнэсуэла — спэцыфічная краіна:

“Яе можна лічыць “свабоднай” краінай толькі ў тым сэнсе, што там чалавека могуць пазбавіць жыцьця за ноўтбук, мабільны тэлефон і г.д. Там дзяржава ня можа справіцца з крыміналам, які вельмі распаўсюджаны ў гэтай краіне. Там шмат гарадзкой беднаты, якая не падпарадкоўваецца ніякім законам, а жыве па сваіх крымінальных, субкультурных правілах”.

Дарэчы, амбасадар Вэнэсуэлы сёньня паведаміў, што вінаватых у забойстве беларускага грамадзяніна ў ягонай краіне пакуль не знайшлі. Паводле яго слоў, прызначаны пракурор, які вядзе гэтую справу. Аднак інфармацыі пра злачынцаў дагэтуль няма.

У выніку разбойнага нападу ўвосень 2009 году ў Вэнэсуэле быў забіты 35-гадовы беларускі перакладчык, супрацоўнік ВА “Беларуснафта”. Перакладчык і два яго калегі чакалі транспарту. Да іх падышлі невядомыя, двойчы стрэлілі ў перакладчыка і вырвалі ў яго сумку з ноўтбукам. Параненага даставілі ў клініку, дзе ён памёр.

Тым часам у Вэнэсуэле зноў чакаюць Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта амбасадар Амэрыка Дыяс Нуньес паведаміў, адказваючы на пытаньне “Свабоды”:

“Прэзыдэнт Чавэс прапаноўваў сустракацца раз на год, каб падсумоўваць вынікі сумеснай працы. Мы плянавалі, што Аляксандар Лукашэнка наведае нашу краіну ў першыя месяцы гэтага году. Але мы чакаем, калі беларускія ўлады самі агучаць дату яго прыезду”.
XS
SM
MD
LG