Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробак рабочых Менскага аўтазаводу скараціўся ўдвая. Адміністрацыя заводу шукае, як забясьпечыць калектыў працай, але на ўсіх яе не хапае. Прадаваць удаецца толькі палову вырабленага. Ад 1 сакавіка магчымы пераход на трохдзёнку.

Рабочыя заводу лічаць, што на афіцыйнае скарачэньне штату адміністрацыя заводу ня пойдзе, а папросту ня будзе падаўжаць кантракты з супрацоўнікамі, каб не плаціць грошы за звальненьне ў зьвязку са скарачэньнем штату.

Рабочы са шматгадовым стажам Васіль Андрэеў паведаміў «Свабодзе»:
заробак быў паўтара мільёны, а цяпер 500–600 тысяч ...

«У падразьдзяленьнях у нас праходзілі сходы. Выступаў генэральны і казаў, што скарачэньне будзе. Выпуск машын скараціўся больш чым у два разы. Машыны цяжка прадаюцца. Заробак скараціўся ў два разы. У некаторых, з кім я працую, заробак быў паўтара мільёны, а цяпер 500–600 тысяч. Завод тоне. Рэканструкцыі практычна ніякай. На новую трэба мець грошы. А дзе іх узяць? Чатырохдзёнка на заводзе, а пагалоскі ходзяць, што ў сакавіку будзе трохдзёнка».

Рабочым з прыгарадных вёсак, якіх каля 3 000 чалавек, паведамілі, што яны ад 1 сакавіка мусяць самі дабірацца на працу. Раней а 3 ночы з заводу ішоў аўтобус і забіраў па вёсках рабочых на зьмену. Яны мелі адмысловы праязны квіток. Цяпер жа, паколькі працы ў суседніх калгасах для іх няма, яны мусяць самі дабірацца на завод грамадзкім транспартам.

Людзі ўжо паміж сабой дамаўляюцца, як дапамагаць адзін аднаму. Некаторыя будуць дабірацца на зьмену па пяць чалавек — тыдзень з адным кіроўцам, тыдзень зь іншымі. Але ў любым выпадку гэта пагоршыць іх і без таго цяжкае матэрыяльнае становішча.

Супрацоўнікі МАЗу лічаць, што цягам паўгода колькасьць рабочых можа скараціцца прыкладна на 8 000 чалавек.

Намесьнік генэральнага дырэктара МАЗу Пётар Косар патлумачыў «Свабодзе»:

«Сёньня ўсе аўтамабілебудаўнічыя заводы маюць праблемы з рэалізацыяй аўтамабіляў. На ўсіх заводах сьвету ёсьць падзеньне. Натуральна, і нас гэта закранула. Гэта тычыцца перш за ўсё аўтамабілебудаўнікоў.

На сёньняшні дзень такая колькасьць людзей на заводзе не патрэбная. Шукаем, як бы забясьпечыць людзей іншымі замовамі, каб захаваць іх, загрузіць працай.
па заканчэньні кантракту — кантракт не працягваецца. У нас пакуль адно выйсьце ...

8 000? Я ня ведаю, адкуль такая лічба. Яна нідзе не гучыць. Размова ідзе пра тое, што ў нас сёньня аб’ёмы не настолькі высокія, каб утрымліваць такую колькасьць. Натуральна, калі нехта дасягнуў пэнсійнага ўзросту і мы безь яго зможам працаваць — ну што ж, па заканчэньні кантракту — кантракт не працягваецца. У нас пакуль адно выйсьце».

Рабочыя не выказваюць абурэньня. Тыя, якія працавалі раней на МАЗе, кажуць, што атмасфэра вельмі зьмянілася і адстойваць свае правы сёньняшнія рабочыя ня будуць.

«Маўчаць, і ўсё. Калі пытаюцца, што рабіць, я адказваю: „А што вы рабілі 10-15 гадоў таму, калі гналі адсюль свабодны прафсаюз? Вы ж маўчалі. А цяпер за вас няма каму й слова сказаць“. У прынцыпе, добрыя, кваліфікаваныя кадры сыходзяць».

Скарачэньне на МАЗе закране ня толькі рабочых. З прыходам 7 сьнежня 2009 году новага генэральнага дырэктара Аляксандра Бароўскага, які раней кіраваў «Белшынай», пачалося скарачэньне штату супрацоўнікаў бухгальтэрыі ды іншых падразьдзяленьняў. Рабочыя лічаць новага генэральнага дбайным гаспадарнікам, але сумняюцца, што ён зможа ўратаваць завод бяз страты паловы пэрсаналу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG