Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ванкувэрская прэса піша ня толькі пра спартоўцаў і іх дасягненьні на Алімпіядзе, але і знаёміць сваіх чытачоў з заўзятарамі, якія прыехалі ў Канаду, каб падтрымаць свае каманды. У чарговым нумары газэты «Vancouver Sun» – партрэты чатырох беларускіх заўзятараў.

«Беларусь – маленькая краіна, заціснутая паміж Расеяй, Украінай, Польшчай і Літвой. У ёй усяго 10 мільёнаў насельніцтва, скканцэнтраванага пеадусім вакол сталічнага Менску,» – так апісвае краіну карэспандэнт газэты «Vancouver Sun» і працягвае: «Але свой малы памер Беларусь кампэнсуе Алімпійскім духам».

У чацьвер Беларусь заваявала два першыя алімпійскія мэдалі на Гульнях-2010 у біятлёне. У гэты ж дзень чацьвёра маладых людзей – Ільля Куніцкі, Павал Новы, Павал Суркоў і Зьміцер Казак – прыехалі ў Ванкувэр, каб пазаўзець за спартоўцаў сваёй краіны.

Іх лёгка адрозьніць, бо яны апранутыя ў ярка-чырвоныя майкі беларускай хакейнай каманды.

«Гэта мая пешая Алімпіяда, – кажа 27-гадовы Ільля Куніцкі, які нарадзіўся ў Менску, але жыве цяпер у Нью-Ёрку. – Я марыў калі-небудзь пабываць на Гульнях, і нарэшце мая мара збылася. А Ванкувэр – адзін з прыгажэйшых гарадоў, якія я калі-небудзь бачыў. Калі людзі сустракаюць нас у гэтых швэдрах, яны адразу кажуць: «Наперад, Беларусь!»

Сябра Ільлі Павал Новы таксама родам зь Менску, але жыве цяпер у Нью-Джэрзі. «Я шмат чакаю ад гораду і ад Канады наогул. Гэта таксама мая першая Алімпіяда», – кажа ён.

Беларуская хакейная каманда на Алімпіядзе 2002 году паўтарыла лёс Папялушкі, нечакана атрымаўшы шанец выйсьці ў паўфінал.

«Беларусь даволі добрая ў хакеі – для такой маленькай краіны мы ня так ужо і кепска выступаем, – кажа Куніцкі. – Калі вы памятаеце, у 2002 годзе мы былі чацьвёртымі: мы перамаглі Швэцыю і выйшлі ў паўфінал. І зараз мы зьбіраемся на матчы Беларусь–Швэцыя і Беларусь-Нямеччына, а калі дастанем квіткі – то і на фрыстайл.»

Сёлета ў беларускай зборнай гуляюць чатыры НХЛ-аўцы: Руслан Салей, Міхаіл Грабоўскі, Андрэй і Сяргей Касьціцыны. Каманда прайграла фінам 5:1, але гэта не расхалоджвае квартэт заўзятараў. Калі шайба патрапіць у браму Швэдаў альбо Немцаў, яны гатовыя крычаць ва ўсю сілу лёгкіх, – піша «Vancouver Sun».

«Наша краіна даволі маленькая, – кажа Новы. – і мы павінны прадэманстраваць дадатковую падтрымку, каб кампэнсаваць наш колькасны недахоп».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG