Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да п’янства прыцярпеліся, а з незалежнасьцю фэрмэраў зьмірыцца ня могуць”


Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, перасьлед актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, якія адбудуцца 25 красавіка, — адна з тэмаў, якую абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”:

Віктар: “Я мяркую, што дэпутаты патрэбныя, але яны павінны мець рэальныя рычагі ўзьдзеяньня на ўладныя структуры. Я зьвяртаўся некалькі разоў да дачкі Машэрава (яна была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў), і яна нічога не змагла зрабіць з парушэньнем законаў па прапісцы. Што ж могуць у мясцовых саветах? Патлумачце, калі ласка”.

На пытаньне адказвае старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
“Сапраўды, мясцовыя саветы сёньня ня маюць ніякіх рэальных паўнамоцтваў. Але ўлады ўсё роўна баяцца адпусьціць туды прадстаўнікоў дэмакратычных партый. Бо калі хаця б адзін чалавек у нейкім савеце будзе абуджаць людзей — паказваць, заклікаць, тлумачыць, што сёньняшнія праблемы могуць быць вырашаныя толькі тады, калі ўлада будзе сапраўды народная, калі ўлада будзе кантралявацца людзьмі — то гэта таксама будзе вялікі плюс і вялікі крок у кірунку да таго, каб сытуацыя ў краіне выпраўлялася”.

Старшыня неафіцыйнага Саюзу палякаў Анжаліка Борыс возьме ўдзел у паседжаньні Рады міністраў Эўразьвязу ў Брусэлі, дзе будзе абмяркоўвацца беларуска-польскі канфлікт. Сытуацыя, якая склалася вакол польскай меншасьці ў Беларусі, — таксама ў камэнтарах слухачоў.

Нашчадак былых уладальнікаў Івянца: “Я вельмі абураны дзеяньнямі беларускіх уладаў у дачыненьні да Саюзу палякаў і Дому палякаў у Івянцы. Ганьба дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі! Трымайцеся, пані Анжаліка Борыс і пані Тэрэза Собаль. Мы пераможам!”

Спадар: “Наконт палякаў. Вакол мяне жывуць палякі. Ніхто іх не прыгнятае. Жывуць нармальна. Якія саюзы? Давайце саюз габрэяў, саюз татар і г.д. Наадварот, гэтым мы падкрэсьліваем нацыянальнае разьмежаваньне”.

Спадарыня: “А я хачу сказаць, як у 50-я гады абражалі нас, дзяцей каталікоў. Мяне самую абзывалі ў школе словамі: лях, пшэк, гіль. І гэта было кожны дзень”.

Спадар: “Паважаная апазыцыя! Дзіву я даюся, як вы радуецеся таму, як Польшча хоча пасварыць беларусаў з палякамі. Крыўдна мне за вас. А палякам я хацеў бы сказаць: чаго вы ўмешваецеся ў нашу справу?”

Спадар: “Адносна праблемаў з саюзам палякаў хачу згадаць наступнае. Новага ў гэтай справе з саюзам палякаў нічога няма. Падобныя рэчы адбываліся ў свой час з прафсаюзамі, калі ўлады ламалі іхнюю незалежнасьць і зламалі фактычна — на сёньняшні дзень практычна незалежных прафсаюзаў няма. Падобная справа была з Саюзам мастакоў, тое самае — з Саюзам пісьменьнікаў. Вось і атрымліваецца, што Саюз пісьменьнікаў — амаль безь пісьменьнікаў, саюз мастакоў — без сапраўдных мастакоў, і саюз палякаў — каб там было як найменш палякаў”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы.

Спадарыня: “Напэўна, казна гомельскіх вэртыкальшчыкаў апусьцела, што суд аж 17 мільёнаў штрафу прысудзіў выплаціць фэрмэру Ўладзімеру Цярэньцьеву за лоўлю рыбы, якую сам жа выгадаваў. Цяпер так: лепш п’янства і крадзяжы ў калгасах, чым упэўненыя ў сабе вельмі працавітыя фэрмэры-гаспадары. Вольная праца гаспадара дае незалежнасьць. І вось гэта ў цяперашняй краіне Беларусь не даруецца перафарбаванымі”.

Аляксандра: “Беларусь, ты зноў звар’яцела. У дзень святога Валянціна ў Менску зьбіваюць моладзь за беларускую мову, за герб, за сьцяг… Ці ёсьць у Беларусі беларускі народ, ці проста насельніцтва — перакаці-поле? Няўжо вам ня сорамна за свой выбар? Хто гэтыя людзі, якія баяцца ўсяго беларускага, як чэрці ладану? Яны накідваюцца на моладзь, як гіены. Ці не стаяць гэтыя людзі на ўліку ў псыхіятра? Нельга так ставіцца да народа і яго сымбаляў. Ня ўсё кату масьленіца. Прыйдзецца адказваць. Прыкладаў у гісторыі процьма. Нам патрэбны такі прэзыдэнт, які дапаможа жыхарам Беларусі палюбіць гэтую краіну. Прэзыдэнт ад Бога любіць Бога, а ня ўладу. Тую краіну, дзе жыве, і яе народ, а не наадварот”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG