Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брытанская Асацыяцыя плянаваньня сям’і лічыць, што агульнапашыраныя зьвесткі пра век, калі жанчына ўжо не павінна асьцерагацца цяжарнасьці, ня надта дакладныя.


Паводле зьвестак, якія падае сайт BBC, у Англіі ўзровень абортаў жанчынаў у веку ад 40 да 44 гадоў такі ж, як і ў дзяўчат да 16 гадоў. У 2008 годзе для абедзьвюх гэтых груп статыстыка была аднолькавай – 4 выпадкі на 1000 жанчын. Як адзначае Джулія Бэнтлі, выканаўчы дырэктар названай брытанскай Асацыяцыі, важную інфармацыю, што плоднасьць з узростам памяншаецца, часта пераацэньваюць.

Брытанская Асацыяцыя плянаваньня сям’і распачала кампанію пад назвай “Няўжо магчыма?”, арыентаваную на жанчын пасьля 35 гадоў. Джулія Бэнтлі кажа, хто на іх тэлефон даверу званілі такія жанчыны, якія былі шакаваныя, што зь імі гэта здарылася. Яны былі ўпэўненыя, што іх ўзрост сам па сабе – дастатковая перасьцярога.

Аднак дастаткова адной ночы, каб жанчына і пасьля сарака, і нават пасьля пяцідзесяці пераканалася, што гэта ня так. У выпадку незаплянаванай цяжарнасьці жанчыны пасьля сарака нярэдка ад яе адмаўляюцца, баючыся пра здароўе дзіцяці. Аднак паводле брытанскай афіцыйнай статыстыкі, узровень мацярынства жанчынаў пасьля 40 за апошнія дзесяцігодзьдзі вырас больш чым у два разы: калі ў 1988-м годзе такіх выпадкаў было прыблізна 5 на 1000 жанчын, то ў 2008-м – больш як 12.

Дактары нагадваюць, што ўсе формы кантрацэпцыі, якія раяць да 35-ці, застаюцца патрэбнымі і пасьля 35-ці. Сапраўдную мяжу тут робіць мэнапаўза. Спэцыялісты таксама адзначаюць, наколькі важна, каб жанчыны ўсіх узростаў, і асабліва старэйшыя, атрымлівалі ўсю патрэбную інфармацыю, наконт таго, ці варта ім працягваць цяжарнасьць.

XS
SM
MD
LG