Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дыктоўка будзе столькі, колькі будуць жыць беларусы”


21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы ў Менску прайшла трэцяя агульнанацыянальная дыктоўка. Мерапрыемства, арганізаванае Таварыствам беларускай мовы сумесна са згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” ў межах кампаніі “Будзьма”, адбылося ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены. Удзельнікі пісалі тэкст прадмовы Ўладзіміра Караткевіча да кнігі «Памяць зямлі беларускай».


Сёлета дыктоўка праходзіць у тры этапы: 21 лютага – першы, 15 сакавіка – у дзень прыняцьця першай Канстытуцыі, паводле якой беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай, – другі і 25 сакавіка – з нагоды ўгодкаў ўтварэньня БНР – трэці.

Як ведаюць сваю родную мову, у нядзелю правяралі жыхары Ліды, Магілёва, Слуцку ды іншых гарадоў. А ў Менску на агульнанацыянальную дыктоўку сабралася блізу ста чалавек.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Спэцыфіка гэтага года ў тым, што ўступае ў сілу новы правапіс. Таму мы дыктоўку ў гэтым годзе спалучылі з прэзэнтацыямі беларускамоўных выданьняў, асабліва слоўнікаў. Упершыню стаіць пытаньне, каб яе зрабіць інтэрактыўнай. Калі чалавек прыйшоў пісаць дыктоўку, гэта сьведчыць пра яго патрыятызм, што ён сваю мову не толькі паважае, але і практычна ёй карыстаецца. Калі чалавек піша дыктоўку, ён адчувае сябе актыўным носьбітам гэтай мовы, а заадно і мову праверыць, наколькі ён яе ведае. Таму пішуць і дыпляматы, і журналісты, і пісьменьнікі”.

21 лютага дыктоўку таксама напісалі кіраўнікі дыпляматычных місіяў Украіны і Швэцыі Ігар Ліхавы і Стэфан Эрыксан.






Дамо слова аднаму з арганізатараў дыктоўкі Ўладзімеру Падголу:

“Я задаволены, што дыктоўка ўжо стала традыцыяй. І наколькі я бачу, яна будзе столькі, колькі будуць жыць беларусы. І зараз новыя задачы стаяць: падключыць беларускія афіцыйныя чыноўніцкія колы, у прыватнасьці, Міністэрства культуры – Латушку.

Студэнт адной зь менскіх ВНУ Вадзім згодны з Уладзімерам Падголам ў тым, што чым болей людзей будзе ведаць пра агульнанацыянальную дыктоўку і ўдзельнічаць ў ёй, тым больш гэта будзе спрыяць ўмацаваньню беларускай мовы ў грамадзтве:

“Вырашыў у гэтым годзе са сваёй дзяўчынай прыйсьці. У дадзены момант я разумею, што трэба падтрымаць нашу беларускую культуру, беларускую мову. Я бачу, што тут прыйшлі людзі, якія усё роўна так ці інакш кантактуюць паміж сабой, то бок гэта даволі вузкае кола. А плён будзе ад гэтага ўсяго, калі ўсе беларусы ці большасьць грамадзтва будзе ведаць пра гэты дзень і пра гэтае мерапрыемства”.
XS
SM
MD
LG