Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўклівае згасаньне моваў


Да Міжнароднага Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, прапануем вашай увазе артыкул карэспандэнта радыё Свабода Рычарда Солаша.

Міжнародны дзень роднай мовы быў устаноўлены ЮНЭСКА з мэтай падтрымаць моўную разнастайнасьць і шматмоўнасьць. Патрэба ў гэтым, мабыць, ніколі раней не была такой вострай як цяпер: з больш чым 6700 моваў на сьвеце палове пагражае зьнікненьне да канца гэтага стагодзьдзя.

Адна з моваў, якія паміраюць, называецца кецкай. У гэтай мовы засталося менш чым 200 носьбітаў. Сёньня кецкую мову можна пачуць толькі ў некаторых вёсках, якія ляжаць ва ўдольлі ў верхнім цячэньні Енісею ў Сібіры. На гэтай мове гаворыць так мала людзей, што яе сьмерць можа падацца зусім няважнай. Але, як і ўсе іншыя, кецкая мова — унікальная. Граматыка гэтай мовы — неверагодна складаная, у ёй існуе багацьце дзеяслоўных формаў. А для тых, хто размаўляе на гэтай мове, яна зьяўляецца жывой вязьзю, якая злучае іх зь іхнымі продкамі, мінулым і традыцыямі.

Страта гэтай мовы будзе азначаць глыбокае маўчаньне.
Для людзей, якія трацяць сваю мову, адлучэньне ад сваёй гісторыі зьяўляецца нечым вельмі сапраўдным і адчувальным.

Амэрыканскі лінгвіст Грэгары Андэрсан займаецца запісамі моваў, якім пагражае зьнікненьне. Андэрсан апісвае маўчаньне, зьвязанае са сьмерцю мовы, наступным чынам:

"Для людзей, якія трацяць сваю мову, адлучэньне ад сваёй гісторыі зьяўляецца нечым вельмі сапраўдным і адчувальным. Такое ніколі не здараецца зь людзьмі, якія гавораць на дамінуючых мовах, такіх як ангельская, гішпанская або расейская".
Вольга Лацікава (1917-2007), носьбіт кецкай мовы, дапамагала многім лінгвістам разабрацца ў яе нюансах

Аргумэнт Андэрсэна асабліва дарэчны ў адносінах да кецкай мовы. Гэтая мова зьяўляецца мастом ня толькі паміж яе носьбітамі і іхнімі продкамі, але, магчыма, і паміж нечым значна большым у гісторыі чалавецтва.

Новыя дасьледаваньні даказваюць, што кецкая мова можа быць пародненая з мовамі амэрыканскіх індзейцаў, такімі, напрыклад, як мова наваха. Калі гэта так, дык гэтая сувязь можа мець істотныя наступствы для антрапалёгіі — яна можа дапамагчы ў абгрунтаваньні тэорыі аб міграцыі дагістарычнага чалавека празь лядовы мост паміж Азіяй і абедзьвюма Амэрыкамі. А паколькі на кецкай мове размаўляюць унутры Расеі, за тысячы кіляметраў ад яе ўсходняга ўзьбярэжжа, гэтая сувязь можа таксама паўплываць на нашы ацэнкі маштабаў той міграцыі.

Вось таму мовазнаўцы з жахам назіраюць, як мовы накшталт кецкай набліжаюцца да зьнікненьня ў штораз больш глябалізаваным сьвеце. Паводле Нацыянальнага геаграфічнага таварыства (National Geographic Society), праз кожныя два тыдні памірае адна мова. Пры такой хуткасьці да 2100 году памрэ прыблізна 3500 моваў, на якіх людзі сёньня яшчэ размаўляюць. Асаблівы ўдар адчуюць рэгіёны з найбольшай на нашай плянэце моўнай разнастайнасьцю: Новая Гвінэя, Каўказ, Сібір.
Праз кожныя два тыдні памірае адна мова. Пры такой хуткасьці да 2100 году памрэ прыблізна 3500 моваў, на якіх людзі сёньня яшчэ размаўляюць.

У сьвеце існуе невялікая група мовазнаўцаў, якія стараюцца запісаць мовы, што апынуліся пад пагрозай зьнікненьня, ды, калі гэта магчыма, ажывіць іх, пакуль іхнія носьбіты не пераключыліся на іншыя, больш пашыраныя мовы.

Але гэта вельмі цяжкая задача. Паводле Марка Турына, моўнага антраполяга з Кэмбрыджу, цяжкасьць палягае ў наступным:

"Я сказаў бы, што мы нешта ведаем ўсяго пра пяць-дзесяць адсоткаў моваў на сьвеце. Выразная, трывалая і дакладная навуковая дакумэнтацыя сусьветных моваў, да таго з аўдыё- і відэазапісамі, вельмі нязначная і рэдкая. Трагэдыя ў тым, што ўсяго каля 5 адсоткаў сусьветных моваў маюць сваю навуковую дакумэнтацыю, а 95 адсоткаў — не".

Турын дадае, што ўсе лінгвісты, якія шукаюць разгадкі, як чалавек набывае мову і як ёю карыстаецца, вымушаныя карыстацца пераважна матэрыяламі пра эвалюцыю заходнеэўрапейскіх моваў ды жменькі іншых.

Наогул правіла такое, што чым менш носьбітаў мовы, тым меней яна вядомая. Каля 28 адсоткаў усіх моваў на сьвеце маюць па менш чым 1000 носьбітаў. Гэта ім у першую чаргу пагражае сьмерць. Напрыклад, у Аўганістане на мове цірахі гаворыць меней, чым 100 чалавек. На мове ламаўрэн у Арменіі гаворыць толькі 50 чалавек.

Навукоўцы часта адкрывалі, што малыя мовы зьяўляюцца скарбніцамі мясцовых ведаў пра лекарскія расьліны і ахову навакольнага асяродзьдзя. Калі зьнікнуць гэтыя мовы, зьнікнуць і веды, якія ў іх заключаюцца.

Прычыны, чаму нейкай мовай перастаюць карыстацца або чаму нейкая моўная грамада пераключаецца на іншую мову — складаныя. Але, паводле Грэгары Андэрсана, гэтая зьява часта мае адну галоўную прычыну:
Людзі вельмі чуйна ставяцца да эканамічнай герархіі, і калі можна прасунуцца ў гэтай герархіі, пакідаючы адну мову на карысьць іншай, шмат людзей выбірае гэты шлях

"Эканамічная дзейнасьць наогул адбываецца пад дамінацыяй мовы большасьці. Таму зусім лягічна, што група, якая карыстаецца мовай большасьці, асацыюецца з посьпехам, сацыяльным і эканамічным разьвіцьцём ды большым багацьцем. Людзі вельмі чуйна ставяцца да эканамічнай герархіі, і калі можна прасунуцца ў гэтай герархіі, пакідаючы адну мову на карысьць іншай, шмат людзей выбірае гэты шлях".

Часам такі выбар робіцца несьвядома, часам да яго змушае грамадзкі ціск. Палітыка таксама адыгрывае ў гэтым істотную ролю.

Пануючая дзяржаўная мова можа быць выкарыстаная для выцясьненьня малых моваў, якія разглядаюцца як рассаднікі палітычнага супраціву або як прыкметы цывілізацыйнай адсталасьці. У Сібіры палітыка насаджэньня расейскай мовы як адзінай, паводле Андэрсана, давяла да сытуацыі, якую можна назваць катастрофай. У Сярэдняй Азіі, аднак, моўная палітыка дала дваістыя вынікі.

Калі колішнія савецкія рэспублікі сталі незалежнымі, рэгіянальныя мовы, такія як таджыцкая, кіргіская і ўзбэцкая, былі ўзмоцненыя статусам дзяржаўнай мовы. Але меншыя мовы ў гэтым рэгіёне — напрыклад, памірскія мовы ў Таджыкістане — былі наогул выцесненыя са школаў, дзе яны да пэўнай ступені вывучаліся за савецкім часам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG