Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калі кіно — найважнейшае з мастацтваў, то дэтэктыў — найважнейшы жанр у літаратуры. Бо няма чалавека, які б адмовіўся пачытаць дэтэктыў — загадкавы, таемны, страшны або іранічны. Так лічыць Наталка Бабіна, сёньняшняя экспэртка перадачы «Пяцікніжжа Свабоды». У сваім прыватным рэйтынгу яна вызначае ў гэтым жанры тыя беларускія кнігі, якія дадуць магчымасьць забыцца і захапіцца — і застацца ў памяці.


1–2.Канечне ж:

Уладзімер Караткевіч, «Дзікае паляваньне караля Стаха» і
«Чорны замак Альшанскі».

Менск, «Мастацкая літаратура», 1990.

Караткевіч — наша ўсё. Рызыкну выказаць думку, што ўся мінулая беларушчына была ўвабраная геніяльным аўтарам і ўвасобленая ў змрочных краявідах Балотных Ялін і загадкавых ваколіцах Альшанскага замка. Рызыкну сказаць, што ўся сучасная беларушчына вырасла найперш з гэтых двух твораў, як з карэньня. Рызыкну меркаваць, што ўся будучая беларушчына — тая, што зараз яшчэ вучыцца чытаць ці нават гаварыць — будзе апірацца на гэтыя два творы яшчэ доўгі час — столькі, колькі ўвогуле будзе існаваць, па выказваньні самога Караткевіча, «паршывы беларускі рамантызм».


3. Андрэй Федарэнка, «Шчарбаты талер».

Менск, «Юнацтва», 1999.

Гэты дэтэктыўны раман ня мае канкурэнцыі ў вельмі важным жанры: дзіцячай, падлеткавай літаратуры — накіраванай у будучыню, а таму жыцьцёва неабходнай. Удалы працяг Караткевічавай традыцыі, але з адным сумным адрозьненьнем: калі Караткевіч — аптыміст і рамантык, то Федарэнка — пэсыміст і скептык. Героі Караткевіча напрыканцы кожнага з твораў знаходзяць сваё шчасьце з каханымі жанчынамі, дарослыя ж героі Федарэнкі — разьведзеныя, расчараваныя, і шукаюць толькі скарб, але не каханьне і не сваё мужчынскае шчасьце. Але героі-падлеткі — непасрэдныя і вельмі сапраўдныя — пакідаюць надзею таму самаму «беларускаму рамантызму».


4. Эрнэст Ялугін, «Алжырская пастка».

Вільня, «Наша будучыня», 2004.

Моцны, цьвёрды, вельмі мужчынскі стыль, пакручасты сюжэт, інтрыга, якая трымаецца да апошніх старонак, час дзеяньня і месца дзеяньня — 90-я гады, Менск — усё гэта робіць раман Ялугіна вартым прачытаньня. Аўтару ўдалося сумясьціць натуральную беларускасьць з натуральнай разнастайнасьцю сьвету. Вартасны, жывы твор.


5. Валеры Сарока, «Двуликая Фемида».

Менск, выдавец В. Хурсік, 1993.

Аўтар двух дакумэнтальных аповесьцяў, зьмешчаных у двухтомніку, — былы работнік транспартнай пракуратуры, які ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя быў адным са сьледчых у так званай «Віцебскай справе». Ён прымусіў невінаватага грамадзяніна Адамава агаварыць сябе, ўзяўшы на сябе забойства жанчыны. Адамава асудзіла на 15 гадоў. Потым аказалася, што забойца — ня ён, а сэрыйны маньяк Міхасевіч. За непрафэсіяналізм падчас сьледзтва Сарока, у сваю чаргу, быў асуджаны. У аповесьцях Сарока спрабуе абяліць сябе, але дасягае, бадай, супрацьлеглага выніку. Уражвае, што гісторыя, расказаная Сарокам, моцна і нават у падрабязнасьцях перагукаецца з рэзананснай справай, пра якую зусім нядаўна расказалі СМІ: пра тое, як у Менску катаваньнямі выбівалі патрэбныя паказаньні з прараба Паўла Леўшына. Падабенства мэтадаў «сьледзтва» штурхае да думкі: нешта ёсьць глыбінна заганнае, глыбінна нечалавечае ў той сыстэме, якая нібыта павінна трымаць у грамадзтве прынцыпы маралі і справядлівасьці. Цікава, ці зьявіцца падобная да Сарокавай кніга пра справы нашых часоў?

Па-за рэйтынгам.

Мікалай Чаргінец, «Илоты безумия».

Менск, «Мога-Н», 1995.

Я не зьяўляюся прыхільніцай пісьменьніка Чаргінца, але згадваю тут ягоную кнігу дзеля цытаты са старонкі 426. З вуснаў іншаплянэцяніна, аднаго з пэрсанажаў кнігі, чытаем: (даю ў перакладзе на беларускую мову) «Слухайце, Мікалай Платонавіч, пазазямных цывілізацый многа. Усе яны, за выключэньнем адной, жадаюць паступовага пашырэньня сваіх ведаў, разьвіцьця і ўдасканальваньня дзеля аб’яднаньня цывілізацый. Але ёсьць плянэта Лукшэйм, дзе жывуць істоты, якія зьяўляюцца спараджэньнямі пекла. Усе яны складаюцца з атамаў зла, нянавісьці і цемрашальства. Гэта ад іх сыходзяць такія заганы, як зайздрасьць, подласьць, і пад іх уплывам усё больш зямлян ператвараюцца ў нягоднікаў, падхалімаў, паклёпнікаў — разбуральнікаў і зьнішчальнікаў вашай цывілізацыі».

Такая цікавая назва плянэты зла — Лукшэйм, адкуль яна ў кніжцы? Шчыра кажучы, першае і апошняе, што прыйшло ў галаву — гэта скарот ад двух прозьвішчаў: «Лукашэнка—Шэйман». Цікавае і паходжаньне слоўца ў назьве кнігі — «ілоты». Так называлі земляробаў у старажытнай Спарце, якія былі напаўсвабоднымі, напаўрабамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG