Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі прапануюць стаць выпрабавальным палігонам “Росатама”


Будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі непрымальнае з эканамічных, тэхнічных, экалягічных ды шэрагу іншых прычын.

Такія папярэднія высновы працы грамадзкай экалягічнай экспэртызы гэтага праекту. У грамадзкую камісію ўвайшлі навукоўцы, эколягі і юрысты зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Сярод іх акадэмік Іван Нікітчанка, член-карэспандэнт расейскай Акадэміі навук Аляксей Яблыкаў, кіраўнік энэргетычнай праграмы «Грынпіс» у Расеі Ўладзімер Чупраў, беларускі прафэсар фізыкі Георгій Лепін ды шэраг іншых.

Між тым рашэньне пра будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы ўжо прынятае беларускімі ўладамі. Пачалі будаваць дарогі да заплянаванай пляцоўкі.

Наша госьця — Тацяна Новікава, сакратар грамадзкай камісіі, якая правяла экалягічную экспэртызу праекту беларускай АЭС.

— Сярод папярэдніх высноваў вашай камісіі маю ўвагу асабліва прыцягнуў пункт пра тое, што прапанаваныя для беларускай АЭС тэхналёгіі небясьпечныя. Прапанаваны тып рэактара, так званы «вода-вадзяны» недастаткова надзейны, незалежна ад пакаленьня, акрамя таго такая рэактарная ўстаноўка адрозьніваецца ад прататыпу большай магутнасьцю (на 20 працэнтаў), яна нідзе раней не будавалася і адпаведна Беларусі прапануюць стаць выпрабавальным палігонам «Росатама». Скажыце, ці была ўжо нейкая рэакцыя на папярэднія высновы вашай камісіі з боку беларускіх уладаў і таго ж «Росатама»?

Тацяна Новікава
— Рэакцыя была літаральна сёньня і на даволі высокім узроўні. Сёньня была працоўная нарада ў міністэрстве энэргетыкі, куды мяне запрасілі як прадстаўніка камісіі грамадзка-экалягічнай экспэртызы. Выказваньне экспэртнай камісіі было там названае тэндэнцыйным і не адпаведным рэчаіснасьці.

Тое, што тычыцца тыпу рэактара, і таго, што ён нідзе ня быў пабудаваны, гэта праўда. Гэты рэактар сапраўды нідзе ня быў выпрабаваны, нас запэўніваюць у тым, што ён пабудаваны паводле аналягу ВВР-1000. Аднак тыя спэцыялісты, якія ацэньвалі праект, сьцьвярджаюць, што ён істотна адрозьніваецца. Ягоная магутнасьць будзе адрозьнівацца на 20 адсоткаў. Гэткія рэактары цяпер будуюцца паблізу ад Ленінградзкай АЭС, каля Санкт-Пецярбургу ў Сасновым Бары, такі праект хочуць пабудаваць у Калінінградзкай вобласьці, яшчэ ў некалькіх гарадах Расеі. Але пабудаваны ён ніколі ня быў. У яго ёсьць аналягі, прататыпы, але рэалізуецца ён упершыню.

— Эканамічна неабгрунтавана — кошты растуць і не ўлічаны ў разьліках, напрыклад кошты захаваньня адкідаў АЭС, скарыстанага радыеактыўнага паліва — ці быў адказ на гэта?

— Асноўнай матывацыяй будаўніцтва станцыі ёсьць меркаваньне пра тое, што энэргаспажываньне ў Беларусі бліжэйшым часам рэзка вырасьце, што ў нас зьявяцца па тры тэлевізары, па пяць лядоўняў, што мы будзем экспартаваць энэргію. Cёньня ў міністэрстве я, шчыра кажучы, не пачула ніводнага сур’ёзнага контрааргумэнту, ніводнага доказу таго, чаму мы павінны рэзка павялічыць энэргаспажываньне.

Я пакуль ня бачыла адпаведнай ацэнкі, якая б была на паперы і якая называецца «абгрунтаваньне інвэстыцый». Тое, што тычыцца лічбаў і высноваў, яны таксама не адкрытыя грамадзкасьці. Таму ўсе гэтыя выказваньні пра тое, што станцыя патрэбная, таму што ў нас цяпер энэргіі рэзка не хапае, яны проста не абгрунтаваныя.

— Тыя, хто выступае за АЭС, кажуць, што атамнай энэргетыцы няма альтэрнатывы — што толькі яна можа зьменшыць залежнасьць Беларусі ад паставак нафты і газу. Што б вы на гэта адказалі?

— Я эканаміст і журналіст, які займаўся аглядам сыравінных рынкаў і эканамічных аспэктаў. Магу сказаць, што насамрэч гэта вельмі небясьпечная аблуда, калі гэта аблуда, таму што нафтавая залежнасьць куды менш небясьпечная, чым залежнасьць ад тэхналёгій і ад ядравага цыклю.
Нафтавая залежнасьць куды менш небясьпечная, чым залежнасьць ад тэхналёгій і ад ядравага цыклю.
Гэтая залежнасьць значна даражэйшая, значна сур’ёзьнейшая.

Калі вы можаце памяняць пастаўшчыка вуглевадароднай сыравіны, купляць газ сьпярша ў аднаго, пасьля ў другога, трэцяга, то тое, што закладаюць у атамны рэактар, так званыя зборкі, яны могуць быць купленыя толькі ў вытворцы гэтай тэхналёгіі, то бо ў таго ж «Росатама». Яго нельга памяняць. Таму гэта залежнасьць ня толькі ад сыравіны, гэта залежнасьць ад тэхналягічнага цыклю, гэта залежнасьць ад крэдытных грошай, гэта залежнасьць ад тэхналёгіі, якая дазваляе захоўваць адпрацаванае ядзернае паліва, — то бо гэта адразу вельмі шмат залежнасьцяў. Гэта залежнасьці вельмі сур’ёзныя, таму што адпрацаванае ядзернае паліва застаецца небясьпечным некалькі тысяч, некалькі сотняў тысяч гадоў, за ім трэба нейкім чынам сачыць, яго трэба абслугоўваць, і Беларусі гэта, вядома, не пад сілу. Таму экспэрты кажуць, і я так лічу, што разам з дывэрсыфікацыяй (у нас зьяўляецца яшчэ адна крыніца энэргіі) адбываецца ўзмацненьне энэргазалежнасьці ад Расеі.

— Каму верыць — атамнае лобі з аднаго боку, але перадузята да атамнай энэргетыкі ставіцца «Грынпіс» і г.д.?

— У нашу камісію ўваходзяць людзі, якія ёсьць спэцыялістамі ў галіне ядзернай энэргетыкі. Напрыклад, гэта Георгій Фёдаравіч Лепін, прафэсар, доктар тэхнічных навук, ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Андрэй Ажароўскі — інжынэр-фізык. Ён доўгі час працаваў па спэцыяльнасьці й быў фізыкам-ядзершчыкам. Гэта людзі, якія непасрэдна зьвязаныя з сваёй спэцыяльнасьцю. Яны ведаюць, што яны кажуць, і няма падставаў ім не давяраць. Безумоўна, ёсьць пэўны ўхіл у тых, хто прапагандуе ядзерную энэргетыку і ў тых, хто прапануе ад яе адмовіцца, але калі гэтыя людзі спрачаюцца з дапамогай аргумэнтаў, то тыя, хто прымае рашэньні, павінны на гэтыя аргумэнты зьвяртаць увагу.

— Ці ёсьць шанец, што да вашых аргумэнтаў прыслухаюцца?

— Яны ж не адмахнуліся! Вядома, гэтыя аргумэнты выклікаюць яўную незадаволенасьць, але гэта аргумэнты не галаслоўныя. Канчатковая выснова камісіі будзе зьмяшчаць больш дэталёвую аргумэнтацыю. Што тычыцца таго, прыслухаюцца ці не — мы спадзяемся.

— Просты чалавек, які хоча неяк паўплываць на гэтае рашэньне, мае нейкія шанцы дапамагчы?

— Так. Вядома, дапамагчы ня ў працы камісіі, бо гэта занятак экспэртаў. Неабходна выказваюць сваю думку. І калі данесьці гэтую думку да тых, хто прымае рашэньні, можна ўплываць на вынік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG