Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнка адклікала пазоў па абскарджваньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў


Юлія Цімашэнка
Юлія Цімашэнка

Прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка адклікала з Вышэйшага адміністрацыйнага суду Ўкраіны свой пазоў да Цэнтральнай выбарчай камісіі пра адмену вынікаў галасаваньня на выбарах кіраўніка дзяржавы.

Пра сваё рашэньне яна заявіла сёньня падчас пасяджэньня ВАСУ, які другі дзень запар разглядаў яе пазоў:

«Цэнтральная выбарчая камісія ў сваёй бязьдзейнасьці, у сваім незьвяртаньні ўвагі на аргумэнты і доказы па сутнасьці сказіла вынікі выбараў у поўным аб’ёме».

«Фактычна было адмоўлена вывучаць і дасьледаваць доказную базу, на якой грунтуецца пазоў, зьвёўшы функцыі ЦВК да чыста арытмэтычнага падвядзеньня вынікаў без усялякага пацьверджаньня іх абгрунтаванасьці. Пры такіх абставінах мы проста ня бачым сэнсу працягваць разгляд гэтай справы».

Прэм’ер-міністар Украіны таксама заявіла, што яна, «як і простыя грамадзяне», ня можа даказаць праўду ў судзе:

«Тое, з чым сутыкаецца сёньня кожны грамадзянін нашай дзяржавы, — немагчымасць абараніць свае правы ў судзе. Таксама і я , як кандыдат у прэзыдэнты, сутыкнулася менавіта з такой машынай, якая працуе далёка не на прынцыпах правасудзьдзя».

Яна заявіла, што ўчора Вышэйшы адміністрацыйны суд Украіны адмовіў у жывой трансьляцыі пасяджэньня на радыё і тэлебачаньні, таму, што «не хацелі, каб краіна і сьвет бачылі, якія доказы мы падавалі, якія дакумэнты мы прад’яўлялі суду, якія аргумэнты выкладаў наш бок».

Паводле слоў Цімашэнкі, калі б вялася жывая трансьляцыя пасяджэньня суду, кожнаму грамадзяніну было б зразумела, што «Януковіч — не прэзыдэнт Украіны».

Прадстаўнік Віктара Януковіча ў Вышэйшым адміністрацыйным судзе Ўкраіны Аляксандр Лаўрыновіч ў камэнтары журналістам назваў рашэньне Юліі Цімашэнкі адмовіцца ад барацьбы ў судзе палітычна правільным.

«Юлія Цімашэнка пайшла, не дачакаўшыся рашэньня, усе яе абвінавачваньні ёсьць няпраўдаю. Яна пайшла і пакінула тры кропкі ў галовах сваіх прыхільнікаў», — заявіў прадстаўнік Януковіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG