Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Дубскага патрабуе афіцыйных тлумачэньняў, за што сына пакаралі карцэрам


За што на два тыдні кінулі ў карцэр маладафронтаўца Арцёма Дубскага? Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка ў апошнім слове на судзе заявіў пра палітычныя прычыны ягонай справы. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімер Асіпенка рыхтуюцца да працэсу, які гэтак пакуль і не прызначаны.

Прыехаўшы 18 лютага ў калёнію, каб наведаць сына, Алена Дубская даведалася, што Арцёма пакаралі карцэрам. Гэта адбылося яшчэ 9 лютага. Жанчына адразу згадала, што ў апошняй тэлефоннай размове сын нешта не дагаворваў і што лісты ад яго апошні месяц прыходзілі ўсё радзей. Пра прычыны пакараньня сына Алена Дубская размаўляла з намесьнікам начальніка магілёўскай калёніі па рэжыме міліцыянтам Елісеенкавым.

«Ён сказаў, што Арцём парушыў рэжым утрыманьня. Быццам ён прысеў на ложак, ці прылёг ў дзённы час, калі гэта забаронена. І яшчэ што ня гэтак, як трэба, павітаўся з начальствам. Я кажу: і гэта ўсё? За гэта два тыдні карцэра?
Быццам ён прысеў на ложак, ці прылёг ў дзённы час, калі гэта забаронена. І яшчэ што ня гэтак, як трэба, павітаўся з начальствам. Я кажу: і гэта ўсё? За гэта два тыдні карцэра?
Тады ён пачаў мне гэтак мутна, расплывіста казаць, што ён шмат чым тут абураецца, але хай бы сам пра сябе абураўся, дык ён жа падбухторвае іншых і гэтым стварае для адміністрацыі вялікія праблемы».

Яшчэ месяц таму Алена Дубская зь ліста сына даведалася, што ён зьбіраў подпісы вязьняў пад хадайніцтвам аб паляпшэньні бытавых умоваў у калёніі. Пасьля гэтага яго выклікалі на размову ў адміністрацыю калёніі. Паводле Алены Дубскай менавіта з таго часу настрой сына пагоршыўся. Яна мяркуе паводле тэлефонных размоў і лістоў. «Хаця Арцём і не казаў пра нейкі пэўны ціск на яго, але я адчувала, што ён нечага не дагаворвае», — паведаміла Алена Дубская. Жанчына ў калёніі напісала заяву з просьбай пісьмова паведаміць ёй прычыны, паводле якіх яе сын быў пакараны самым суровым у калёніі пакараньнем — ажно двума тыднямі карцэра. Таксама Алена Дубская паскардзілася на тое, што перасталі рэгулярна прыходзіць лісты ад Арцёма. Турэмшчыкі адразу ж паспрабавалі даказаць ёй, што ня маюць да гэтага дачыненьня.

«Елісеенкаў выклікаў супрацоўніка са сшыткам, у якім пазначаліся ўваходныя і выходныя лісты. Але там былі зарэгістраваныя тыя дні, пасьля якіх я лістоў не атрымлівала. Яны мне сьлёзна кляліся, што не перашкаджалі, але і я ж ведаю, што да мяне гэтыя лісты не даходзілі і што такога раней не было!»

У калёнію на спатканьне з сынам Алена Дубская паедзе ў сярэдзіне наступнага тыдня. Жанчына спадзяецца, што Арцёма ужо вызваляць з карцэра.

У Першамайскім судзе Менску завяршыліся судовыя спрэчкі на працэсе над Андрэем Бандарэнкам. Падчас выступу ў судзе з апошнім словам прадпрымальнік заявіў пра палітычныя прычыны перасьледу і падзякаваў дэмакратычнай грамадзкасьці і журналістам за падтрымку.

Вось зь якімі словамі Андрэй Бандарэнка зьвярнуўся да судзьдзяў:

«Ня буду вас ні пра што прасіць, я тут апынуўся не па сваёй волі. Нічога супрацьпраўнага я не рабіў і ня маю дачыненьня да таго, што мне прыпісвае абвінавачваньне. Спадзяюся толькі на закон, справядлівасьць і сумленьне суду».

Прысуд Андрэю Бандарэнку будзе агалошаны ў аўторак 23 лютага.

Паводле адваката Паўла Сапелкі за гэты тыдзень навінаў у справе ягонага падабароннага Мікалая Аўтуховіча не зьявілася:

«Рыхтуецца да працэсу, а працэс ніяк не прызначаць», — паведаміў адвакат.
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзяць разам з Аўтуховічам і Асіпенкам за непрыняцьце захадаў для прадухіленьне тэракту, таксама сваёй віны не прызнае. На судзе Казлоў таксама казаў пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
XS
SM
MD
LG