Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам


У рэдакцыі «Нашай Нівы» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў прэміяй «Маладога фронту» «Люблю Беларусь». Сам калектыў рэдакцыі атрымаў прэмію ў намінацыі «Журналістыка».

Першай прэмію ў намінацыі «Змагар году» за свайго сына Арцёма атрымала Алена Дубская. Арцёма 10 лютага адміністрацыя магілёўскай папраўчай калёніі пакарала штрафным ізалятарам на 15 сутак.

«Вялікі дзякуй, што вы абралі майго Арцёма. Я думаю, што Арцём заслужыў гэтую прэмію. Безумоўна, яму будзе вельмі прыемна».

Плянавалася, што ўрачыстая цырымонія адбудзецца 14 лютага ў гатэлі «Crown Plaza», але пасьля адмовы ў памяшканьні маладафронтаўцы сабраліся на плошчы Свабоды.

Міхаіл Пашкевіч пасьпеў атрымаць тады прыз у намінацыі «Грамадзкая чыннасьць» як лідэр кампаніі «За альтэрнатыўную службу». Спэцназаўцы адразу разагналі акцыю, у аўтобусе Міхаіла зьбілі, а статуэтку з Купалавым радком: «Зерне, кінутае ў ніву, усходзіць ды красуе» — адабралі.

Але ўчора камандзір спэцназу прыз Пашкевічу нарэшце вярнуў.

Ніна Шыдлоўская і Алена Макоўская
Пераможцамі ў намінацыі «Беларусізацыя» сталі Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская за кампанію «Будзьма». Мастак Алесь Пушкін уручыў ім сваю карціну, якую ён прынёс на плошчу 14 лютага, але тады таксама празь некалькі хвілінаў трапіў у пастаунак.

Алесь Пушкін: «Я, калі ішоў да Ратушы, то абсалютна ня ведаў, што адбудзецца менавіта такая імпрэза. Але потым, калі ўдалося выйсьці і карціну не разьбіць, я падумаў, што адбылося нешта сымбалічнае: «Вясна прыйдзе і „Будзьма“ будзе».

У намінацыі «Pro-Belarus» дыплём і статуэтку атрымаў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан за стварэньне клюбу беларускамоўных дыпляматаў.

Стэфан Эрыксан: «Мне вельмі прыемна быць у такой прыемнай кампаніі яскравых і таленавітых людзей. У мяне былі падазрэньні, што люблю Беларусь, але цяпер я буду дакладна ведаць, што люблю. Зараз нават і ня ведаю, за каго буду сёньня ўвечары хварэць. Але ў любым выпадку, думаю, што нашы выйграюць».

Прэмію прымае Андрэй Дынько.
Рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько паведаміў, што гэта ўжо другая прэмія рэдакцыі ад «Маладога фронту»:

«Тады нам яе таксама Наста Палажанка ўручала. Яна была зь іншага матэрыялу. Я вам зараз пакажу, вось я зьняў са сьцяны. Яна ў нас усе гады правісела. Да нас прыходзілі зь ператрусамі і глядзелі, што вось прэмія „Маладога фронту“ вісіць. Зычу, каб была не апошняя прэмія „Нашай Ніве“, і няхай наступная будзе ўжо залатая».

У галіне «Палітыка» прэмію атрымаў лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які зазначыў, што прыйшоў у палітыку з «Маладога фронту».

Кірыл Ільніцкі з прэміяй «Свабоднаму тэатру»
У галіне «Культура» прэмію атрымаў «Свабодны тэатар». Яе ўручылі Кірылу Ільніцкаму, бо Мікалай Халезін быў заняты з акторамі.

У намінацыі «Спорт» прэмію атрымла фанацкая ініцыятыва «Тарпеда-Менск». Маладафронтаўцы адзначылі «адраджэньне легендарнай футбольнай каманды, актыўнае выкарыстаньне беларускай мовы ў сваёй атрыбутыцы і на сайце клюбу». Але прадстаўнікоў клюбу на цырымоніі не было. Яны паведамілі, што гэта можа пашкодзіць іх далейшай працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG