Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральскія ўцёкі


Belarus – Syarhey Astraucou, journalist of RFE/RL Minsk bureau, undated

Belarus – Syarhey Astraucou, journalist of RFE/RL Minsk bureau, undated

Каля пастарункаў ёсьць дошка са здымкамі: “Іх шукае міліцыя”.

Уцякаюць, хаваюцца сёньня, каб не плаціць алімэнты, напрыклад, або штраф. Уцёкі з-пад сьледзтва ці з-пад хатняга арышту — рэч у нашыя дні больш рэдкая, можна сказаць, эксклюзіўная. А каб уцёк генэрал, ды яшчэ міліцэйскі — здарэньне ўнікальнае, але якраз такое здарылася ў Горадні. Былы начальнік абласной міліцыі генэрал-маёр Хацько, на здымках баявы, з аксэльбантамі, раптам зьнік, ды не па-жартоўнаму, сваякі напісалі заяву аб тым, што ня ведаюць дзе ён.

Пра здарэньне паведаміла даволі зьедліва адно гарадзенскае выданьне. Тэму жвава падхапілі наведнікі гарадзкога блогу. Прычым ніхто не спачувае былому міліцэйскаму начальніку, які зьляцеў з пасады ад указу, пасьля якога пракуратура рэспубліканская пачала “шыць справу”. Артыкульчык прышпілены традыцыйны — аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Блогеры абмяркоўваюць падзею, гадаюць на кававай гушчы. Нехта хоча паказаць дасьведчанасьць, піша пра вялікія сумы грошай. Іншы выбачаецца за жарт: ужо другі генэрал зьнік… пасьля Захаранкі.

Што датычыць мяне, я толькі аднойчы зьвяртаўся да Генадзя Хацько. Патэлефанаваў, прадставіўся, ён адказваў на мае пытаньні. Для журналіста гэта важна. Думаецца, жыхары гораду не забудуць, што менавіта пры Хацько нарэшце выявілі няўлоўнага міліцыянта-сэрыйнага забойцу Сяргейчыка. Хай дбалі пра гэта сталічныя сьледчыя па асабліва важных справах, але ж і мясцовыя працавалі.

Папярэднік Хацько генэрал Белашэўскі вырашыў забясьпечыць сабе пэнсійны час у Палаце прадстаўнікоў, далі яму Мастоўскую акругу. Але ж менавіта пры ім разьвіў сваю “дзейнасьць” той Сяргейчык, і выкрыць яго ніяк не маглі. Калі Сяргейчыка расстралялі, Белашэўскаму больш не працягнулі “кантракт” у Палаце. Аднак пэнсія генэральская ў яго засталася. А вось Хацько не пашэнціла. Такі лёс генэральскі, тым больш у наш кантрасны час: то пан, то прапаў…
XS
SM
MD
LG