Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падобна на тое, што колішняй вольніцы і анархіі ў сусьветным кампутарным сеціве хутка зусім не застанецца. Бо жаданьне “жыстачайша ўжыстачыць” інтэрнэт ёсьць ня толькі ў беларускіх ўладаў ды ў іх кітайскіх ды іранскіх настаўнікаў.


Ну ня любяць дзяржбюракраты ўсіх краінаў, калі паспалітыя грамадзяне нешта там пішуць бязь іх ведама, фоткі ставяць, свае відэа запампоўваюць. Грамадзяне, як тыя лічаць, усе спрэс безадказныя невукі. Не разумеюць, што можна, а чаго нельга. Строчаць блогі, пішуць абы-што ў сацыяльных сетках. Ды яшчэ займаюцца эскапізмам, перасяляючыся ў розныя віртуальныя сусьветы накшталт Second Life. І, во жах!, віртуальна боўтаюцца па чужых раёнах праз Google Street View.




У былыя часы мясцовыя пацаны натаўклі б парушальніку ў каршэнь за гэткае нахабства, а тут што ты зь ім зробіш, ён жа не чалавек, а аватар. Даводзіцца змагацца выключна зь нейкім прывідам, імя якому Google, што дазваляе прайсьці нават там, дзе напісана "no trespassing" ці "private road".

Змагаецца кожны па-свойму. Так, швайцарскі кантралюючы орган па абароне інфармацыі запатрабаваў, каб кампанія Google неадкладна выдаліла картаграфічны сэрвіс Street View з онлайнавай карты Швайцарыі. Пасьля жыхары брытанскага гораду Бротан (графства Бакінгэмшыр) не пусьцілі аўтамабіль Google на некалькі вуліц, не жадаючы бачыць фатаграфіі ўласных дамоў у інтэрнэце. А летась у траўні ўлады Грэцыі забаранілі кампаніі зьбіраць выявы грэцкіх гарадоў. Акрамя таго, пад ціскам, як было сказана, “грамадзкасьці” Google была змушаная зрабіць новыя здымкі японскіх вуліц, усталяваўшы камэры на машынах на 40 сантымэтраў ніжэй, каб яны «не зазіралі» за агароджы прыватных уладаньняў. Затым кампанія Google прыняла рашэньне ўнесьці зьмены ў Street View у адпаведнасьці з патрабаваньнямі Эўразьвязу.

Зараз высьветлілася, што патрабаваньні гэтыя састарэлі. Таму камісар Эўразьвязу па пытаньнях інфармацыйнага грамадзтва і СМІ Вівіан Рэдынг прапанавала перапісаць эўразакон пра абарону прыватнага жыцьця ў лічбавую эпоху ўзору 1995 году. Спадарыня Рэдынг вельмі занепакоілася сацыяльнымі сеткамі, у якіх людзі разьмяшчаюць вялізную колькасьць пэрсанальных дадзеных, “не разумеючы небясьпекі”. Вось жа глюпыя юззэры!

А тут яшчэ і Microsoft у помач. Адзін з дырэктараў Microsoft Брэд Сміт нядаўна заклікаў Брусэль распрацаваць перадавую сыстэму прыватнасьці і бясьпекі, больш цесна зьвязаную з тым, як ўзаемадзейнічаюць ня толькі кампутары, але і людзі адзін з адным. Гэта асабліва важна з разьвіцьцём г.зв. «воблачных» (калі над адной задачай працуюць кампутары звычайных карыстальнікаў, аб’яднаных празь інтэрнэт) вылічэньняў, да паслуг якіх пачалі зьвяртацца нават дзяржаўныя структуры ЗША.

Усюдыісны Microsoft (чыя апэрацыйная сыстэма ў вас цяпер на кампутары і празь які браўзэр вы цяпер гэта чытаеце?) ужо даўно клапоціцца пра тое, каб небарка юзэр чаго кепскага не нарабіў.

Тут і статыстыка падасьпела. Так, згодна з апошнімі апытаньнямі кампаніі Cross-Tab, 41% спэцыялістаў па найму пэрсаналу адмовілі суіскальнікам на падставе дадзеных, якія тыя выклалі ў сацыяльныя сеткі. У ЗША гэты паказчык дасягае 70%. «Вярбоўшчыкі» прызналіся, што там была такая інфармацыя, аб якой пры асабістай сустрэчы яны пасаромеліся б спытаць.

Так што спадарыня Вівіан Рэдынг мае ўсе шанцы на посьпех у прыняцьці новага закону. Балазе, у Эўропе такі досьвед ужо ёсьць, хай сабе і ў Беларусі. У якой юзэры сацыяльных сетак абнахабелі да таго, што ўжо і ў дэпутаты ідуць. За Беларусь можна не хвалявацца, іх там усё адно ня пусьцяць, а што калі досьвед перакінецца ў Эўразону? Блогер – прэзыдэнт ЭЗ. Страшны жах. Спыніць нельга дазволіць!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG