Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далейшыя дзеяньні Польшчы ў зьвязку з сытуацыяй вакол польскай меншасьці ў Беларусі залежаць ад рэакцыі афіцыйнага Менску ў найбліжэйшыя дні.

Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Ян Баркоўскі, выступаючы ў Сойме 18 лютага, перадае РАР.

Ён адзначыў, што польская пазыцыя — гэта спроба дыялёгу.

«Перад беларускімі ўладамі выбар: захоўваць дэмакратычныя стандарты, якія існуюць у Радзе Эўропы і Эўразьвязе, ці адмовіцца ад іх, і тады нам давядзецца рабіць больш рашучыя дзеяньні, уключна з эканамічнымі санкцыямі», — заявіў спадар Баркоўскі.

Паводле намесьніка міністра замежных спраў Польшчы, сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы з-за датычнасьці да парушэньня правоў польскай меншасьці ў Беларусі, адкрыты. У той жа час намесьнік міністра выказаў спадзяваньне, што «ня будзе прычын для яго пашырэньня».

Прадстаўнік МЗС Польшчы пацьвердзіў, што польскія ўлады дамагаюцца перадачы ўсіх Дамоў польскіх Саюзу палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. Гэта 14 будынкаў, зь якіх на гэты час толькі два кантралююцца не прызнаваным афіцыйна саюзам.

Спадар Баркоўскі адзначыў, што «палякі ў Беларусі не падзеленыя, і напружанасьці паміж польскай меншасьцю і беларускім грамадзтвам няма, а разлад спрабуюць унесьці ўлады».

У мэдыях таксама распаўсюджаны адказ Эўракамісіі на пісьмовы запыт дэпутата Эўрапарлямэнту Рышарда Чарнецкага. У ім гаворыцца, што «дзеяньні беларускіх уладаў, скіраваныя на зьмену кіраўніцтва Саюзу палякаў і адбіраньне яго ўласнасьці, супярэчаць Дэклярацыі саміту „Ўсходняга партнэрства“, якую Беларусь падпісала 7 траўня 2009 году ў Празе».

Таксама Эўракамісія выказвае заклапочанасьць абмежаваньнем свабоды аб’яднаньняў у Беларусі ў цэлым.

«Якасьць дэмакратыі ў краіне вымяраецца, сярод іншага, тым, як улады ставяцца да меншасьцяў», — адзначае Эўракамісія.

Таксама нагадваецца, што паляпшэньне стасункаў залежыць ад прагрэсу ў пяці асноўных сфэрах: адсутнасьць палітвязьняў, рэформа выбарчага заканадаўства ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі АБСЭ, лібэралізацыя медыясфэры і забесьпячэньне свабоды сходаў і аб’яднаньняў, паляпшэньне дзейнасьці недзяржаўных арганізацый, мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG