Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Залатая" рыбка фэрмэра Цярэнцьева


Уладзімер Цярэнцьеў
Уладзімер Цярэнцьеў

Сёньня судзьдзя Гомельскага гаспадарчага суду Вікторыя Лапута аштрафавала фэрмэра Ўладзімера Цярэнцьева зь вёскі Баравікі Сьветлагорскага раёну на 17 з паловай мільёнаў рублёў — за тое, што лавіў рыбу, якую сам жа разводзіць.

Падставай для штрафу стаўся акт Сьветлагорскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету, паводле якога фэрмэр з сынам у лістападзе мінулага году злавіў на тэрыторыі ўласнай гаспадаркі незарэгістраванымі прыладамі (сеткай і брадніком) 5,6 кіляграма рыбы: 11 шчупачкоў, 19 акунькоў і 11 плотачак. Гэтым самым, як вынікае з акту, падпісанага намесьнікам начальніка міжраённай інспэкцыі Сяргеем Сьмірновым, фэрмэр парушыў закон пра ахову навакольнага асяродзьдзя, указ прэзыдэнта № 580, а таксама пастанову Саўміну № 1260 пра рыбагадоўлю.

Гомельскі гаспадарчы суд.
Галоўны спэцыяліст дэпартамэнту мэліярацыі й воднай гаспадаркі Аляксандар Паўлікаў даў у судзе такое тлумачэньне:

«І ў рыбалоўстве, і ў рыбагадоўлі прылады лову павінны быць неяк легалізаваны. У выпадку рыбалоўства яны павінны быць зарэгістраваны ў інспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету. Калі чалавек займаецца разьвядзеньнем рыбы, то яго нерат, сеткі — гэта прылады вытворчасьці. Яны павінны стаяць на балянсе прадпрыемства. Як у нас у дзяржаўных рыбгасах. У іншым выпадку яны зьяўляюцца браканьерскімі снасьцямі».

Фэрмэр Цярэнцьеў не пагаджаецца з афіцыйнымі органамі. Сажалкі, дзе злоўлена пяць з паловай кілё рыбы, ён капаў і зарыбляў сам. Разам з прылеглым мэліярацыйным каналам яны складаюць тэрыторыю фэрмэрскай гаспадаркі, а не рыбалоўныя ўгодзьдзі, як гэта трактуюць абвінаваўцы. Фэрмэр перакананы, што яго проста даводзяць да банкруцтва.

Цярэнцьеў: «Пастанова суду несправядлівая. У мяне такіх грошай няма, і на рахунку гаспадаркі такіх грошай няма. Я лічу, што па чыёйсьці ўказцы вядзецца зьнішчэньне гаспадаркі цягам апошніх гадоў.
Пасьля таго як я напісаў старшыні райвыканкаму, што яны больш ня будуць бясплатна езьдзіць на рыбалку, пачаўся ціск на гаспадарку.
Пасьля таго як я напісаў старшыні райвыканкаму, што яны больш ня будуць бясплатна езьдзіць на рыбалку, пачаўся ціск на гаспадарку».

Фэрмэр заяўляе, што ў яго, па сутнасьці, страчаны сёлетні сельскагаспадарчы год. З прычыны канфіскацыі спэцыяльнай рыбалавецкай сеткі ён ня змог вылавіць малькоў з плыткіх сажалак, і яны ў моцныя маразы перамерзьлі. Апрача таго, два гады таму сядзібу фэрмэра спалілі. Зламысьніка міліцыя так і не знайшла.

Уладзімер Судаленка
Прадстаўнік фэрмэра ў судзе, юрыст Леанід Судаленка так пракамэнтаваў вырак:

«Сёньняшняй пастановай суду й такім буйным штрафам фэрмэра проста заганяюць у нерат. Экалягічная інспэкцыя прымяняе нормы, якія трэба прымяняць у дачыненьні да дзяржаўных рыбгасаў, а не да фэрмэрскіх гаспадарак. Кіраўнік фэрмэрскай гаспадаркі не парушаў тых заканадаўчых нормаў, якія яму паставілі ў віну».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG