Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст судзіцца з “Бабруйскім жыццём”


Сяргей Еўдакімовіч
Сяргей Еўдакімовіч

Сёньня ў Бабруйскім судзе адбылося папярэдняе слуханьне ў справе пазову, пададзенага актывістам незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу Сяргеем Еўдакімовічам да газэты бабруйскага гарвыканкаму «Бабруйскае жыццё». Актывіст вінаваціць выданьне ў зьнявазе гонару й годнасьці і просіць спагнаць з адказчыкаў 25 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Нагодай для судовага працэсу стаўся шэраг публікацыяў у верасьні 2008 году. Тады Сяргей Еўдакімовіч балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў:

«Яны вінавацілі мяне ў парушэньні працоўнай дысцыпліны. Што я зьбіраў подпісы падчас працы. Адказчыкі спасылаліся на закон аб друку — што кожны чалавек можа выказвацца аб іншым чалавеку. Дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх словы, у іх жа няма. Уся інфармацыя, выкладзеная ў пяці артыкулах, была чыстай вады паклёпам і хлусьнёй. Яна падрывае мой аўтарытэт перад жыхарамі Бабруйску. Усё залежыць ад таго, ці ўмяшаецца ўлада ў судовы разбор».

Пазоў разглядае судзьдзя Тацяна Ціткова. Адказчыкамі выступаюць галоўны рэдактар «Бабруйскага жыцця» Аляксандар Казак, журналісты выданьня Аляксандар Гайшун і Аляксандра Калініна, а таксама Натальля Смыслова — старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» ды Аляксандар Чарнін, які ў верасьні 2008 году займаў пасаду другога сакратара бабруйскага БРСМ, а цяпер працуе ў структурах выканаўчай улады.

Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца 10 сакавіка.

25 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды Сяргей Еўдакімовіч мае намер аддаць сіротам. Праз суд актывіст будзе таксама патрабаваць, каб «Бабруйскае жыцьцё» надрукавала абвяржэньне зьневажальных публікацыяў.

Сяргей Еўдакімовіч — сябра няўрадавай арганізацыі «Грамадзянскі форум», а таксама аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу. Актывіст балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе № 79. У Бабруйску ён 14 гадоў працуе мэдыкам. Скончыў на «выдатна» тамтэйшую мэдычную вучэльню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG