Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня мы як належнае прымаем той факт, што жанчыны жывуць даўжэй за мужчынаў. Такая сытуацыя ў 98-мі працэнтах краінаў сьвету. У такой разьвітай дзяржаве, як Злучаныя Штаты Амэрыкі, жанчыны ў сярэднім жывуць больш чым на 5 гадоў даўжэй за мужчын. Чаму так адбываецца? Няўжо мужчыны генэтычна запраграмаваныя, каб паміраць раней за жанчын?


Агульнавядома, што ў мужчын на 60 працэнтаў больш высокая рызыка захварэць на рак і на 40 працэнтаў больш высокія шанцы памерці ад яго, чым у жанчын. У мужчын, фактычна, больш высокая рызыка сьмяротнасьці ва ўсіх узростах. Калі ўзяць 10 галоўных прычынаў сьмяротнасьці ў сьвеце, то паводле 9-ці зь іх – лідэры мужчыны.

Раней гэтай розьніцы не надавалі дастаткова ўвагі і не дасьледавалі яе пільна, бо лічылі, што ў аснове – біялёгія. Аднак сёньня навукоўцы пачынаюць схіляцца да думкі, што біялёгія тут ні пры чым. Аказваецца, розьніца паміж сярэдняй працягласьцю жыцьця ў жанчын і мужчын апошнія дзесяцігодзьдзі паступова зьмяншаецца. Гэтак, у 1979 годзе ў Злучаных Штатах яна складала 7,8 году, а ў 2006 годзе ўжо была 5,2 году. Некаторыя лічаць, што гэта адбываецца з-за жанчын, якія ўсё больш пераймаюць звычкі мужчын – такія як курэньне, спажываньне алькаголю і праца па-за межамі дому. Гендэрная розьніца ў працягласьці жыцьця вельмі вялікая ў Афрыцы, дзе СНІД выкошвае мужчын значна больш за жанчын, і ў краінах былога Савецкага Саюзу. Навукоўцы лічаць, што галоўнае ў гэтых працэсах – не генэтыка, але гендэрныя асаблівасьці паводзінаў.

Магчыма, сама мужнасьць зьяўляецца прычынаю сьмяротнасьці мужчынаў. Роля самца і лідэра прымушае мужчыну спадзявацца, што ён сам справіцца зь цяжкасьцямі, такімі, напрыклад, як трывожныя сымптомы нейкай хваробы, менш зьвяртацца да дактароў. Гэта параўноўваюць з тым, як мужчыны схільныя менш прасіць дапамогі ў выпадку, калі яны, напрыклад, заблукалі. У выніку якраз тыя хваробы, якія належаць да найбольш рызыкоўных – сардэчныя і анкалягічныя – выяўляюцца пазьней, калі іх вылечыць практычна немагчыма.

Ролевыя асаблівасьці мужчынскага полу адказныя за тое, што ў ЗША 95 працэнтаў работнікаў у 10-ці найбольш небясьпечных прафэсіях – мужчыны. У выніку большасьць ахвяраў вытворчага траўматызму – прадстаўнікі моцнага полу. Грамадзтва сёньня ўскладае на мужчын цяжкае бярэмя сацыяльнай адказнасьці за сям’ю і яе дабрабыт. Да таго ж мужчыны больш хутка езьдзяць, больш схільныя да рызыкі, трымаюцца больш нездаровай дыеты, часьцей зазнаюць стрэсы і горш за жанчын расслабляюцца пасьля нэрвовага напружаньня.

Сацыяльная палітыка большасьці разьвітых дзяржаваў як бы дыскрымінуе мужчынаў у справе доступу да сыстэмы аховы здароўя. Для жанчын існуюць спэцыяльныя праграмы клопату аб матках і дзецях, для жанчын і дзяцей даюць лепшыя ўмовы мэдычнай страхоўкі.

На думку навукоўцаў, сьцьверджаньне, што розьніца ў сярэдняй працягласьці жыцьця ў мужчын і жанчын мае біялягічныя падставы – вельмі небясьпечнае. Яно замінае вывучаць і вызначаць сацыяльныя, эканамічныя і паводзінскія аспэкты больш высокай сьмяротнасьці сярод мужчын.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG