Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі мая Алімпіяда. Аляксей Айдараў


Аляксей Айдараў
Аляксей Айдараў

Апошнім разам на подыюм пасьля біятлённай гонкі беларусы ўздымаліся роўна 12 гадоў таму. На гэткай жа 20-кілямэтровай дыстанцыі, на якой напярэдадні Сяргей Новікаў атрымаў срэбра, бронзавым прызэрам Алімпійскіх гульняў 1998 году стаў Аляксей Айдараў.

Беларускі герой Нагана не хавае, што атрымаў ад выступаў сваіх калегаў адчувальную дозу адрэналіну:

“Так, я вельмі парадаваўся і за хлопцаў, і за дзяўчат. Нам абавязкова быў патрэбны мэдаль, каб скалыхнуць трошкі спорт -- і біятлён у прыватнасьці. А то апошнім часам наш від, біятлён, ужо пачалі дачасна хаваць. Ужо такія заявы чуліся, што маўляў, навошта пасылаць статыстаў, ад якіх ніякага толку? Я такім пэсымістам адказваю: вазьміце стрэльбу, лыжы, і калі можаце зрабіць лепш, паказаць кляс – калі ласка, рабіце, ніхто не забараняе. Бо, седзячы на канапе, мы ўсе прафэсіяналы і Алімпійскія чэмпіёны. А калі туды патрапіш – ад самаўпэўненасьці нічога не застаецца.

Канечне, усё гэта прыемна. Найперш, на ўласным досьведзе ведаеш, як доўга ідзеш да гэтага, як да галоўных стартаў рыхтуесься, таму, шчыра кажучы, вельмі парадаваўся ўчора. Заснуць уначы доўга ня мог, такое ўзбуджэньне было. А потым сабаку з раніцы а палове сёмай трэба было выводзіць, на працу рана зьбірацца. Але такое маральнае задавальненьне атрымаў, што нават не скажу, што прачнуўся нявыспаны. Устаў бадзёры і пайшоў далей працаваць.

Парадаваўся, канечне. Малайцы. Асабліва што тычыцца Сяргея Новікава. Практыка паказвае, што на Алімпіядзе заўсёды зьяўляюцца новыя твары. Сяргей вельмі доўга ішоў да гэтай узнагароды. Ня проста ж так рыхтаваўся? Таму і нельга сказаць, што яму выключна падфарціла. Біятлён – складаная праца, вельмі моцнае “ворыва”. Але сканцэнтраваўся на ўсе 100%, паказаўшы такі ж 100-працэнтны вынік. У такой гонцы стрэліць на пяць нулёў, я скажу, дарагога і многага каштуе. І, канечне, вышэй за усялякую пахвалу Даша – яна сваю ўзнагароду таксама заслужыла”.

Дзьве ўзнагароды беларускіх біятляністаў дазволілі зборнай Беларусі замацавацца на чыстым 19-м месцы ў “вартасным” мэдалёвым заліку. Па колькасьці ўзнагародаў – 14-я пазыцыя разам з шэрагам іншых краінаў сьвету. Усяго на гэты момант мэдалі атрымалі прадстаўнікі 25 дзяржаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG