Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурган асуджаны на паўгода турмы


Алег Сурган
Алег Сурган

Кастрычніцкім судом Віцебску Алег Сурган асуджаны на шэсьць месяцаў арышту і да 2,5 мільёна рублёў кампэнсацыі, якія ён мусіць сплаціць нібыта пацярпеламу міліцыянту Сяргею Дудкевічу. Тэрмін адбываньня лічыцца з 27 студзеня, калі Сурган быў затрыманы.


Сёньня Алег Сурган выступаў у судзе з апошнім словам. Літаральна ў некалькіх сказах ён заявіў: крымінальны перасьлед выкліканы тым фактам, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг. Пасьля таго, як Сурган скончыў свой кароткі выступ, судзьдзя сказаў, што на вынясеньне прысуду яму патрэбна ўсяго 5 хвілінаў. Прысутныя ў залі суду абураліся, што гэта парушэньне ўсіх магчымых юрыдычных нормаў.

Нагадаем, што Алега Сургана судзяць за напад на міліцыянта. Лейтэнант Дудкевіч цьвердзіць, што падсудны ўкусіў яго за мезінец падчас затрыманьня пры вывешваньні бел-чырвона-белага сьцяга. Суд над 47-гадовым Сурганам працягваецца каля двух месяцаў, з 27 студзеня ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

Лейтэнант Дудкевіч патрабаваў ад падсуднага 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за тое, што ён мог “заразіцца гепатытам у выніку ўкушэньня”.

Сурган паказаньні міліцыянта абвяргае. Ён кажа, што ў міліцэйскай машыне яго зьбівалі. І адразу пасьля таго, як ён напісаў пра гэта скаргу ў пракуратуру, міліцыянт Дудкевіч заявіў пра напад. У судзе ён паўтарыў свае паказаньні, а таксама зазначыў, што пратакол, складзены на яго за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга, некуды зьнік і ў справе не фігуруе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG