Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь мае на Аліпіядзе першыя два мэдалі


Сяргей Новікаў
Сяргей Новікаў

Трыюмфальна завяршыўся для беларускіх спартоўцаў чарговы дзень алімпійскіх спаборніцтваў у Ванкувэры.


У скарбонку зборнай Беларусі адразу два мэдалі паклалі біятляністы: Дар’я Домрачава скарыла 15-кілямэтровую дыстанцыю трэцяй, а Сяргей Новікаў пасьля 20 кілямэтраў падзяліў другую прыступку п’едэсталу з самім каралём біятлёну, нарвэсцам Б’ёрндаленам. Дарэчы, у мужчынаў толькі два спартоўцы – Сяргей Новікаў і расеец Мікалай Круглоў – здолелі адстраляцца без штрафу. Дар’я Домрачава прамахнулася аднойчы.

Дзяржаўны трэнэр зборнай Беларусі па біятлёне Аляксандар Бяляеў нагадвае, што такім чынам аб’яднаная беларуская каманда фактычна ня толькі выканала, але і перавыканала паказьнікі папярэдніх алімпійскіх цыкляў: у лепшыя гады беларусы прывозілі якраз па дзьве ўзнагароды, а дзьве апошнія Алімпіяды даводзілася задавольвацца па адным мэдалі.

Сёлетні скачок вышэй галавы многіх навічкоў спэцыяліст зьвязвае з досыць спэцыфічнымі кліматычнымі ўмовамі Ванкувэру, да якіх звышвопытныя майстры так і не прызвычаіліся. Анамальна цёплае надвор’е суправаджаецца імклівым разьмякчэньнем трасы і моцнымі парывамі ветру, што для біятлёну – сапраўдны форс-мажор. Таму ўжо стала тэндэнцыяй, што першыя пазыцыі дастаюцца спартоўцам, якія стартуюць у першых групах:

“Чаму мы так шмат і гаворым пра тое, што пэўным чынам трэба разьлічваць і на ўдачу. Майстэрства, натуральна, мае вызначальную ролю, але любы з гэтых фактараў – і майстэрства, і ўмовы надвор’я – свой унёсак урэшце зрабілі. Пэўным чынам надвор’е звузіла кола прэтэндэнтаў на заваяваньне мэдалёў. Бо яскрава прасочваецца тэндэнцыя: тыя, хто бягуць у першай ці другой групе, яны ў нашмат лепшых умовах, чым тыя, хто ідзе ў трэцяй ці чацьвёртай групе. Гэта адназначна. Тут мы ня першы год падобную карціну бачым падчас правядзеньня спаборніцтваў у цёплае надвор’е, таму ўсе стараюцца заявіць спартоўцаў менавіта ў першую групу -- як на Кубках сьвету, так падчас цяперашняй Алімпіяды, гэта не выключэньне. Проста тут крыху іншыя падыходы, чым на кубкавых этапах, у фармаваньні стартавых групаў: ёсьць чатыры групы і даецца магчымасьць дэлегаваць па аднаму чалавеку ў кожную групу. Таму практыка паказвае, што першая-другая групы маюць самыя лепшыя ўмовы для барацьбы за мэдалі. Крыху горш ад пачатку шанцы ў тых, хто стартуе ззаду”.

Дзякуючы здабытым мэдалям, Беларусь стала 25-й краінай, якія заваявала мэдалі на Алімпійскіх гульнях у Ванкувэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG