Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 лютага Аляксандар Лукашэнка даручыў распрацаваць Закон аб альтэрнатыўнай воінскай службе. Даручэньне адрасаванае Дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніду Мальцаву.

Паводле дзяржсакратара Рады бясьпекі Леаніда Мальцава (на здымку), штогод з просьбамі замяніць тэрміновую службу на альтэрнатыўную зьвяртаецца 50-60 чалавек:

“Многа з гэтай нагоды разнастайных інсынуацый. І, хаця ў нас у рэспубліцы апроч тэрміновай службы ёсьць служба ў рэзэрве, яна ў адносінах да тэрміновай службы – ужо альтэрнатыўная. Але, паколькі ёсьць 50-60 чалавек штогод за прызыў, якія паводле сумленьня, як яны трактуюць, то бок на глебе рэлігійнай, ня могуць браць у рукі зброю, то Прэзыдэнт даручыў, у тым ліку і заканадаўча, аформіць і гэтую катэгорыю асобаў”.

На думку колішняга “палітычнага” прызыўніка Івана Шылы, намесьніка старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, прыняцьцю такога рашэньня паспрыяў як зьбег абставінаў, так і шэраг высілкаў грамадзкіх актывістаў:

“Зьявіліся рэальныя крымінальныя справы. Людзі адмаўляюцца служыць тэрміновую службу, просяць замяніць яе альтэрнатыўнай. На гэта зьвярнулі ўвагу. А тут дзякуючы грамадзянскай супольнасьці -- міжнародны розгалас. У тым ліку Amnеsty International, якая адразу пасьля вынясеньня Івану Міхайлаву прысуду прызнала яго вязьнем сумленьня. І важна адзначыць высілкі кампаніі “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу” і асабіста Міхася Пашкевіча. Гэта добры прыклад таго, што і ў Беларусі можна нечага дамагчыся”.

На думку Міхася Пашкевіча, кіраўніка кампаніі За альтэрнатыўную грамадзянскую службу, падстава радавацца прынятаму даручэньню Аляксандра Лукашэнкі распрацаваць Закон аб альтэрнатыўнай воінскай службе ёсьць. Але гэта, маўляў, толькі пачатак працы. Бо вялікае пытаньне, які менавіта Закон будзе прыняты. Той варыянт праекту, што існуе цяпер, выклікае шмат нараканьняў з боку праваабаронцаў:

“Насьцярожвае цэлы шэраг момантаў: той праект, зь якім мы мелі магчымасьць азнаёміцца, ён вельмі дыскрымінацыйны. Па-першае, тэрмін альтэрнатыўнай службы маюць зрабіць у два разы даўжэйшым за тэрміновую. Па-другое, паводле гэтага законапректу, права на альтэрнатыўную службу толькі паводле рэлігійных перакананьняў. На нашу думку, пацыфісты не абавязкова павінны быць шчырымі вернікамі і яны павінны мець права на альтэрнатыву тэрміновай службе”.

Актывісты кампаніі спадзяюцца на тое, што працэс падрыхтоўкі законапраекту будзе публічным, што будзе забясьпечана магчымасьць удзелу грамадзкіх зацікаўленых суб’ектаў у распрацоўцы праекта закона, што будуць улічаны міжнародныя стандарты і Мадэльны закон СНД “Аб альтэрнатыўнай службе”.

За адмову ад службы ў войску дзеля рэлігійных перакананьняў прызыўнік з Гомелю Яўген Якавенка быў пакараны штрафам у памеры 175 тысяч рублёў.

На падставе пратаколу гарадзкога ваенкаму яго абвінавацілі ў тым, што ён не зьявіўся 29 сьнежня без паважных прычын на «мерапрыемствы прызыву».

25-гадовы Яўген Якавенка адмаўляецца праходзіць тэрміновую службу зь меркаваньняў сумленьня. 2 лютага 2010 году ён накіраваў ужо трэцюю па ліку заяву з просьбай накіраваць яго на альтэрнатыўную службу.

Гэтаксама 1-га лютага суд Менскага раёну абвінаваціў прызыўніка Івана Міхайлава ва ухіленьні ад службы і прысудзіў да трох месяцаў арышту.

Іван Міхайлаў з рэлігійных перакананьняў адмовіўся праходзіць тэрміновую вайсковую службу і дамагаўся, каб яму прызначылі цывільную службу. 15 сьнежня 2009 году Іван Міхайлаў быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар у Жодзіне. У суд Менскага раёну дастаўляўся пад канвоем, у кайданках.

У лістападзе 2009 году ў Гомелі за ухіленьне ад вайсковай службы быў асуджаны гамяльчук Зьміцер Смык, які падаў заяву на праходжаньне альтэрнатыўнай службы.

У 1994 годзе права на альтэрнатыўную службу было замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Але ніводны з праектаў адпаведнага Закону зацьверджаны ня быў.


XS
SM
MD
LG