Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначаны найлепшыя музычныя альбомы 2009 году


Сёньня ў менскай страўні «Камяніца» адбылася штогадовая цырымонія ўручэньня ўзнагародаў «Experty.by». Найлепшыя беларускія альбомы 2009 году назвалі айчынныя і замежныя музычныя крытыкі.

Яны адслухалі і ацанілі 60 студыйных альбомаў розных жанраў. Гурт «The Toobes» атрымаў чатыры зь дзевяці ўзнагародаў: у намінацыях «Найлепшы рок-альбом», проста «Найлепшы альбом», і «Прыз вялікага журы». Узнагароду за найлепшы беларускамоўны альбом атрымалі «Глюкі» за «Ідыятызм».

Зьмiцер Падбярэскi ўручае галоуны прыз — за найлепшы альбом — гурту «The Toobes».

Праект «Experty.by» распачалі ў 2008 годзе чатыры беларускія музычныя крытыкі — Зьміцер Бескаравайны, Сяргей Будкін, Алег Клімаў і Зьміцер Падбярэскі. Кожны зь іх ня толькі рэцэнзуе, але і ставіць сваю ацэнку кожнаму дыску, вылічваецца сярэдні бал рэлізу. Менавіта так вызначаюцца пераможцы ў пяці намінацыях. Сёлетняе ўручэньне прэмій праходзіла па-беларуску. Пераможцу ў намінацыі «Найлепшы дэбютны альбом» прэзэнтуе Сяргей Будкін:

«Перамог гурт, які я асабіста паважаю за тое, што яны робяць, але не прымаю іх за іхнюю грамадзянскую пазыцыю, таму што яны ня толькі ня могуць зьвязаць двух слоў па-беларуску, але і адмаўляюцца разумець па-беларуску. Гэта гурт „The Toobes“ (воклічы „Скандал!“). Дзіма, перакладзі ім, а то яны па-беларуску абсалютна не разумеюць».

Зьміцер Бескаравайны
Бескаравайны: «Трэба вучыцца, хлопцы! Выходзьце за ўзнагародай. Дзе вы, „The Toobes“? Наступны раз узнагароды бязь веданьня беларускай мовы ня будзе».

Вось у такой разьняволенай атмасфэры падводзілі сёньня вынікі музычнага году. Дарэчы, гурт «The Toobes» атрымаў чатыры зь дзевяці ўзнагародаў: у намінацыях «Найлепшы рок-альбом», проста «Найлепшы альбом», і «Прыз вялікага журы». Што да апошняга прыза, пераможцу вызначаюць «пазаштатныя» экспэрты: Максім Жбанкоў, Тацяна Заміроўская, Сяргей Маліноўскі, Сяргей Пукст, Анатоль Вечар, Віталь Драздоў, Надзея Кудрэйка.

У 2009 годзе амаль не было фольк-альбомаў, таму ўзнагароду ў гэтай намінацыі не ўручалі. Пераможцу найлепшага поп-альбому прэзэнтуе Зьміцер Падбярэскі:

«Шмат было выслухана цягам году рознага, цікавага і ня вельмі. Прыгожыя жанчыны сьпявалі непрыгожыя песьні, слухаць часам гэта было даволі цяжка. Аднак на агульным фоне было адно выданьне калектыву, які ў пэўным сэнсе паставіў у 2009 годзе такую плянку, да якой павінны імкнуцца ўсе выканаўцы таго, што мы называем папулярнай песьняй — «Аtlantica», альбом «Taboo».

Лідэр «Атлянтыкі» Алекс прамовіў у адказ:

«Вялікі дзякуй. 2009 год быў вельмі цікавы: мы зноў вярнулі любоў нашых крытыкаў да гурту, і неяк нас узьненавідзела Элеанора Аркадзьеўна Язерская».

Гурт «Atlantiсa» з прызам за найлепшы поп-альбом «Taboo».

Сёлета зьявілася новая намінацыя — найлепшы беларускамоўны альбом. Пераможцу абвяшчае Сяргей Будкін:

«Першае месца дасталася гурту, якога ўжо не існуе, на жаль. Але ёсьць працяг гэтага гурту, які называецца «Акута». Я думаю, мы пра яго пачуем на наступнай цырымоніі. А пакуль абвяшчу гурт «Глюкі» і альбом «Ідыятызм».

Прыз за найлепшы беларускамоўны альбом атрымалi «Глюкi» — «Idyjatyzm»

Была вызначаная топ-дзясятка народных экспэртаў — карыстальнікаў сайту. Тут пераможцам стаў гурт «CherryVata» з альбомам «ViaVanila».

Прыз народных экпэртаў — у «CherryVata» за «ViaVanilla».

Найлепшы беларускі альбом вызначала і журы міжнародных экспэртаў, музычныя крытыкі зь пяці краінаў, зь якімі мяжуе Беларусь. Сёлета Расею, да прыкладу, прадстаўляў Арцёмій Троіцкі. Замежнікам больш за ўсё спадабаўся гурт «Port Mone» з альбомам «Dip». Дарэчы, пераможца ў чатырох намінацыях «The Toobes» па вэрсіі замежных экспэртаў на пятым месцы.

Музыкi з «Port Mone» атрымлiваюць прыз замежных экпэртаў за альбом «Dip».


Агульны сьпіс пераможцаў па намінацыях:


  • Найлепшы дэбютны альбом — «The Toobes» «Hello».
  • Найлепшы поп-альбом — «Atlantiсa» «Taboo».
  • Найлепшы рок-альбом — «The Toobes» «Hello».
  • Найлепшы рэкард-лэйбл — «West Records».
  • Найлепшы беларускамоўны альбом — «Глюкі» «Ідыятызм».
  • Прыз народных экспэртаў — «CherryVata» «ViaVanilla».
  • Прыз замежных экспертаў — «Port Mone» «Dip».
  • Прыз вялікага журы — «The Toobes» «Hello».
  • Найлепшы альбом — «The Toobes» «Hello».



Зьмiцер Падбярэскi ўручае ўзнагароду прадстаунiку «West Records» — найлепшга рэкорд-лэйбла па вызначэнні экспэртаў.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG