Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў распрацаваць закон пра альтэрнатыўную службу


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даручыў распрацаваць праект закону аб альтэрнатыўнай службе.

Пра гэта паведамілі Інтэрфаксу ў прэзыдэнцкай прэс-службе па выніках сустрэчы кіраўніка краіны зь дзяржсакратаром Рады бясьпекі Леанідам Мальцавым.

«Па гэтай тэме багата розных інсынуацый. Між тым у Беларусі альтэрнатыва тэрміновай службы дзейнічае. Напрыклад, апроч тэрміновай службы, ёсьць служба ў рэзэрве, якая ёсьць альтэрнатыўнай. Юнакі таксама атрымліваюць вайсковыя спэцыяльнасьці на вайсковых факультэтах і ваенных катэдрах у навучальных установах, а затым тэрмін іх службы складае ўсяго 6 месяцаў», — адзначыў дзяржсакратар Рады бясьпекі.

Паводле Мальцава, рашэньне аб вызваленьні ад тэрміновай службы на законных падставах можа прымаць прэзыдэнт.

Яўген Якавенка
Іван Міхайлаў
Зьміцер Смык
«Адпаведна, штогод выдаецца ўказ, на падставе якога даюцца адтэрміноўкі, у тым ліку для тых грамадзянаў, якія паводле сваіх рэлігійных перакананьняў ня могуць браць у рукі зброю», — заявіў Леанід Мальцаў.

Нагадаем, за адмову ад службы ў войску дзеля рэлігійных перакананьняў прызыўнік з Гомелю Яўген Якавенка быў пакараны штрафам у памеры 175 тысяч рублёў.

На падставе пратаколу гарадзкога ваенкама яго абвінавацілі ў тым, што ён не зьявіўся 29 сьнежня без паважных прычын на «мерапрыемствы прызыву».

25-гадовы Яўген Якавенка адмаўляецца праходзіць тэрміновую службу зь меркаваньняў сумленьня. 2 лютага 2010 году ён накіраваў ужо трэцюю па ліку заяву з просьбай накіраваць яго на альтэрнатыўную службу.

Гэтаксама 1-га лютага суд Менскага раёну абвінаваціў прызыўніка Івана Міхайлава ва ўхіленьні ад службы і прысудзіў да трох месяцаў арышту.

Іван Міхайлаў з рэлігійных перакананьняў адмовіўся праходзіць тэрміновую вайсковую службу і дамагаўся, каб яму прызначылі цывільную службу. 15 сьнежня 2009 году Іван Міхайлаў быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар у Жодзіне. У суд Менскага раёну дастаўляўся пад канвоем, у кайданках.

У лістападзе 2009 году ў Гомелі за ўхіленьне ад вайсковай службы быў асуджаны гамяльчук Зьміцер Смык, які падаў заяву на праходжаньне альтэрнатыўнай службы.
XS
SM
MD
LG