Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прадпрымальнікі ідуць у дэпутаты?


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Выбарчая кампанія па абраньні дэпутатаў мясцовых Саветаў праходзіць актыўна. Такое меркаваньне сёньня выказала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Яна паведаміла, што асабліва актыўна паводзяць сябе прадпрымальнікі.

Старшыня Цэнтравыбаркаму кажа, што канкрэтныя лічбы пра колькасьць ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты пачнуць паступаць у ЦВК у суботу:

«Але ўжо нават цяпер, калі ўзяць дадзеныя па Менску, то ў выбарчых акругах ужо пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю некалькіх ініцыятыўных груп. І калі казаць пра партрэт патэнцыйнага кандыдата ў дадзены момант у сталіцы, то гэта прадпрымальнік. Гэта альбо прыватнік, альбо прадпрымальнік буйнога рангу — прынамсі, кіраўнік акцыянэрнага таварыства ды іншых таварыстваў. У асноўным вось такія пасады».

Віктар Гарбачоў
Аднак у рэгіёнах актыўнасьць бізнэсоўцаў значна ніжэйшая, — кажа «Свабодзе» старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва», якое зарэгістраванае ва Ўкраіне, Віктар Гарбачоў:

«Нейкай масавасьці і актыўнасьці з боку прадпрымальнікаў, асабліва ў рэгіёнах, надта не відаць. Прадпрымальнікі кажуць, што нам трэба займацца сваёй справай, а не гуляць у гэтыя цацкі. А па-другое, вельмі шмат людзей у рэгіёнах, і сярод іх дробныя бізнэсоўцы, проста ня ведаюць пра тое, што хутка будуць праходзіць выбары, пра іх парадак. Прадпрымальнікі, асабліва рэгіянальныя, сёньня зацікаўленыя толькі адным — дзень пратрымацца, ноч прастаяць, і каб іх бізнэс быў працаздольным. Таму я б сказаў, што такой ужо актыўнасьці няма».

У мясцовыя органы ўлады сёньня хочуць ісьці тыя, хто, як я кажу, „крышуецца“ чыноўнікамі і вырашае непасрэдна зь імі пытаньні на месцах.
Віктар Гарбачоў кажа, што нават у сталіцы прадпрымальнікі зь ягонага аб’яднаньня ня рвуцца ў дэпутаты:

«Найперш у мясцовыя органы ўлады сёньня хочуць ісьці прадпрымальнікі, якія маюць дачыненьне да чыноўнікаў. Тыя, хто, як я кажу, „крышуецца“ чыноўнікамі і вырашае непасрэдна зь імі пытаньні на месцах. Гэта асабліва характэрна для буйных гарадоў. І дзеля таго, каб стварыць прыгожую карцінку гэтай выбарчай кампаніі, спадарыня Ярмошына спасылаецца на прадпрымальнікаў. У саветы будуць уключаныя прадпрымальнікі. Але толькі тыя, якія ляяльна ставяцца да чыноўнікаў, да іхных рашэньняў і сумесна зь імі гатовыя рухацца наперад і рашаць нейкія праблемы. Найперш — свае праблемы».

Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія прыняла адмысловую пастанову, у якой вызначыла істотныя і неістотныя памылкі пры запаўненьні дэклярацый кандыдатамі ў дэпутаты. Раней такога агульнага правіла не было, і кожная камісія сама вырашала, рэгістраваць альбо не рэгістраваць кандыдата, знайшоўшы памылкі ў дэклярацыях.

Лідзія Ярмошына сказала: «Шмат якія камісіі падыходзяць да гэтага пытаньня вельмі строга, і часам людзей каралі за нязначныя тэхнічныя памылкі. Зараз жа вызначаныя адмысловыя крытэры для таго, каб вызначыць, ці зьяўляецца памылка істотнай альбо не. І калі памылка будзе неістотная, то кандыдат у дэпутаты будзе зарэгістраваны».

На пытаньне Радыё Свабода, ці будзе гэтае правіла распаўсюджвацца і на выбары вышэйшых роўняў, Лідзія Ярмошына адказала, што спачатку паглядзіць, што атрымаецца на мясцовых выбарах.
XS
SM
MD
LG