Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazeta Wyborcza: "Карцінкі як з раньніх гадоў бальшавіцкай улады"


Сёньня дзьве вядучыя польскія газэты, Gazeta Wyborcza і Rzeczpospolita, шырока прадстаўляюць учарашні прысуд Валожынскага суду, які прызнаў Польскі дом у Івянцы праўладнаму Саюзу палякаў, ды затрыманьні Анжалікі Борыс і яе паплечнікаў, якія стараліся патрапіць на суд у Валожын.


"Увесь працэс прайшоў з грубымі парушэньнямі ўсялякіх заканадаўчых нормаў. Мяне, хоць я была заяўленая як сьведак, не ўпусьцілі ў будынак суду. Адваката спадарыні Собаль міліцыя затрымала ў дарозе на слуханьне справы. Ён дабраўся ў суд, але спазьніўся" — сказала Анжаліка Борыс польскім журналістам.

Gazeta Wyborcza адзначае, што ў дзень суду "Советская Белоруссия" апублікавала артыкул з нападамі на дзеячоў няпрызнанага Саюзу палякаў. Аўтар таго артыкула, піша Gazeta Wyborcza, сьцьвярджае, што Тэрэса Собаль крадзе грошы, якія Варшава пасылае сваім суродзічам у Беларусі, і што яна дзеліць беларускіх палякаў на "лепшых і горшых". "Советская Белоруссия" таксама цытуе жыхара Івянца, які нібыта сказаў газэце, што Анжаліку Борыс трэба выгнаць у Польшчу.

"Калі яны пішуць такія рэчы, гэта значыць, што яны прызналі мяне асобай, якая пагражае іхнаму рэжыму. У прынцыпе, я павінна ганарыцца гэтым. Але яны ня могуць мяне выкінуць. Я — грамадзянка Беларусі, я нават не выступала, каб атрымаць Карту паляка. Я маю поўнае права жыць у гэтай краіне" — пракамэнтавала артыкул у "Советской Белоруссии" спадарыня Борыс.

Аўтар артыкулу ў Gazecie Wyborczej, Вацлаў Радзівіновіч, у сваім камэнтары да канфлікту вакол Саюзу палякаў, напісаў:

"Можна было б зразумець паводзіны Лукашэнкі, калі б ён імкнуўся адрадзіць тоеснасьць народу, мову, разьвіваў беларускую культуру. У такім выпадку ён, мабыць, і мог бы баяцца, што польскасьць зьяўляецца пагрозай. Але ж гэта ён выгнаў беларускую мову са школаў, гэта ён вядзе народ пад сталінскім сьцягам проста ў бальшавіцкае мінулае. (...) Карцінкі як з раньніх гадоў бальшавіцкай улады. Прыгадайма сабе тую гісторыю. Бальшавікі пачыналі ад канфіскацый і прымусовага высыланьня нявыгадных за мяжу. І памятайма, што потым было толькі горай".

Учарашняе выданьне газэты Rzeczpospolita апублікавала артыкул Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, дырэктаркі Белсату, у якім яна аналізуе палітыку Польшчы ў адносінах да Беларусі. Гаворачы пра тое, якія захады Польшча павінна прыняць у адказ на апошнія падзеі вакол Саюзу палякаў, Рамашэўская-Гузы піша:

"Мне здаецца, што ўвядзеньне забароны на перасяканьне польскай мяжы для асобаў, якія замяшаныя ў рэпрэсіі — ды ня толькі ў рэпрэсіі супраць польскай меншасьці, але і ў ламаньне правоў чалавека — гэта добры кірунак дзеяньня. Магчыма, Польшча павінна прапанаваць увядзеньне для такіх асобаў забароны на ўезд ва ўсю шэнгенскую зону (мімаходам, вось ілюстрацыя спосабу думаньня другога боку: я сама не зрабіла ніякага злачынства, аднак ад чатырох гадоў не магу ўяжджаць у Беларусь, а зь нейкага часу мне таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю СНД — і я не адзіная такая асоба ў Польшчы)".
XS
SM
MD
LG