Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія гульні ў Ванкувэры — вачыма вядомых у Беларусі людзей. Ці вераць яны ў посьпех беларускіх алімпійцаў? Як ацэньваюць каляспартовы антураж Алімпіяды? Якое ўвогуле месца ў іх жыцьці займае вялікі спорт?


Алімпіяду ў Ванкувэры адмыслоўцы ўжо назвалі адной з самых экстрэмальных. І каб справа было толькі ў анамальна цёплым надвор’і, якое мала спрыяе алімпійскім рэкордам. Яшчэ да цырымоніі адкрыцьця насьмерць разьбіўся грузінскі саначнік, атрымала сатрасеньне мозгу японская сноўбардыстка, а напярэдадні падчас рок-канцэрту ў цісканіне пацярпелі блізу 20 чалавек. пасьля апошняга выпадку пачалі гучаць заявы, што сумяшчаць спорт і забавы не зусім абачліва. Беларускі рок-музыка, гітарыст N.R.M., заснавальнік і лідэр гуртоў “Garadzkija” і “Pete-Paff” Піт Паўлаў ацэньвае праблему вачамі спэцыяліста:

“У гэты час у Ванкувэры ў дарожных інцыдэнтах загінулі, я думаю, чалавек 50. І ў іншых месцах церпіць вялізная колькасьць людзей. Але валіць усё на рок-канцэрты – гэта агульна прынятая практыка. Таму што рок-канцэрты з гледзішча любога афіцыёзу – гэта кепска. Але я лічу, што проста кепска быў арганізаваны канцэрт. Я напачатку 1990-х браў удзел у канцэрце ў Тушыне пад Масквой, і там таксама была нейкая колькасьць пацярпелых. Але гэта было зьвязана з непрафэсійнай дзейнасьцю маскоўскай міліцыі. Звычайна на канцэртах ёсьць пацярпелыя, іх роўна столькі, колькі на любым сьвяце. На сьвяце гораду ў Менску нашмат больш пацярпелых, дзе проста п’яныя таварышы з Чыжоўкі б’юцца з п’янымі таварышамі з Серабранкі і кідаюць адзін у аднаго бутэлькі. Гэтых пацярпелых толькі я ведаю 19 сярод маіх сяброў – за адно сьвята. Так што тут выключна справа прафэсіяналізму сэк’юрыці, і больш нікога. Рок-музыка тут ні пры чым. Тады першае, што варта адмяніць, -- гэта дзяржаўнае сьвята ў Рэспубліцы Беларусь. Таму што тут гінуць людзі, адбываюцца тэракты і г.д.”

Карэспандэнт: “А ўласна ад спартовай часткі Алімпіяды якое ў Вас ўражаньне?”

“Так атрымалася, што гэта першыя Алімпійскія гульні ў маім жыцьці, якія я пільна не адсочваю. Усё сваё жыцьцё я надзвычай уважліва сачу за спаборніцтвамі – нічога не раблю, а толькі сачу. Але зараз навалілася так шмат працы і іншых спраў, што нават не глядзеў адкрыцьцё. Хоць, шчыра кажучы, мяне больш цікавяць летнія Алімпійскія гульні, бо я колісь сур’ёзна займаўся грэка-рымскай барацьбой, плаваньнем, гімнастыкай. Але некаторыя зімовыя віды люблю глядзець -- напрыклад, біятлён, хакей. Таму ў наступныя дні вельмі пастараюся навярстаць прабелы, якія назапасіліся за гэтыя дні”.
XS
SM
MD
LG