Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Батура скардзіцца францускаму паслу на дыскрымінацыю


Старшыня Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Барыс Батура

Старшыня Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Барыс Батура

Беларусь спадзяецца на падтрымку Францыі ў вырашэньні пытаньня паўнапраўнага сяброўства ў парлямэнцкай структуры Ўсходняга партнэрства. "Палітычныя колы Францыі маглі б паўплываць на гэты працэс", — заявіў старшыня Савета Рэспублікі Барыс Батура 18 лютага ў Мінску на сустрэчы з французскім паслом Мішэлем Рэнеры.


Паводле слоў Батуры, рэзалюцыя Эўрапарлямэнта ад 17 сьнежня 2009 года аб тым, што Нацыянальны сход будзе дапушчаны да паўнапраўнага партнэрства пасьля правядзеньня справядлівых выбараў, "выклікае зьдзіўленьне". "Дыскрымінацыйнае стаўленьне да парлямэнту неправамернае", — сказаў сьпікер. Ён заявіў, што Беларусь зацікаўлена ўдзельнічаць у праектах Усходняга партнэрства і сама ўнесла шэраг прапаноў, у прыватнасьці, у сфэры энэргетыкі, паведамляе БелаПАН.

Батура выказаў надзею, што падтрымка, якую Беларусі аказвала Францыя ў момант свайго старшынства ў ЭЗ у пабудове дыялёгу з Бруселем, будзем працягвацца. Ён канстатаваў, што "пасьля зацішша наступіў прарыў у міжпарлямэнцкіх адносінах паміж дзьвюма краінамі". Батура паведаміў, што ў маі адбудзецца візыт у Францыю рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі. "Пачаўся нармальны інтэнсіўны дыялёг. Спадзяюся, што гэта перакладзецца на ўзаемаадносіны з Эўрапарлямэнтам і Эўрапейскім саюзам, таму што ў дыялёгу нараджаецца ісьціна", — сказаў сьпікер Савета Рэспублікі.

Барыс Батура і Мішэль Рэнеры адзначылі вялікую заслугу ў наладжваньні міжпарляменцкіх адносінаў паміж краінамі былога пасла Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо, якая пакінула краіну ў сьнежні мінулага года. Паводле слоў Рэнеры, ён гатовы працягваць распачатую справу, і ў яго ўжо ёсьць прапановы ў гэтай сфэры.

Як паведамлялася раней, напярэдадні МЗС Францыі ў сувязі з сытуацыяй вакол польскай меншасьці "рашуча заклікала беларускія ўлады забясьпечыць выкананьне правоў усіх грамадзян без дыскрымінацыі або абмежаваньняў". "Павага да правоў чалавека займае цэнтральнае месца ў палітыцы Усходняга партнэрства, да якой далучылася Беларусь", — заявіў журналістам прэс-сакратар міністэрства Бернар Валеро. Пры гэтым ён выказаў "поўную салідарнасьць з польскімі ўладамі, якія вырашылі працягваць дыялёг з Менскам, пра што сьведчыць візыт міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў Варшаву 12 лютага".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG