Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: прыватызацыя ішла больш марудна, чым чакалася


Афіцыйны Менск задумаўся пра новы крэдыт МВФ. Паміж місіяй МВФ і афіцыйным Менскам дасягнутая дамоўленасьць аб завяршэньні чацьвёртага агляду дамоўленасьці аб крэдыце “stand-by”.

Пра гэта па выніках працы місіі МВФ у Менску з 3 па 16 лютага заявіў яе кіраўнік Крыс Джарвіс. Цяпер выканаўчая рада МВФ да канца сакавіка павінна разгледзець пытаньне аб выдзяленьні Беларусі апошняй траншы крэдыту прыкладна на 700 мільёнаў даляраў,

Афіцыйны Менск выказаў зацікаўленасьць у працягу супрацоўніцтва з МВФ пасьля завяршэньня цяперашняй праграмы. Пытаньне пра магчымую новую праграму з МВФ можа быць разгледжана пасьля завяршэньня дзейнай дамоўленасьці пра крэдыт “stand-by”.

Місія назвала “добрымі” вынікі рэалізацыі эканамічнай праграмы беларускімі ўладамі.

“Былі выкананыя ўсе крытэры рэалізацыі праграмы і структурныя кантрольныя паказьнікі, устаноўленыя на канец сьнежня. Нядаўняя дамова з Расеяй пра цэны на імпартуемую сырую нафту, пры адсутнасьці нейкіх кампэнсацыйных мераў, прывяла б да істотнага павелічэньня дэфіцыту рахунка бягучых апэрацый і дэфіцыту бюджэту сэктара органаў дзяржаўнага кіраваньня. Урад прымае сур’ёзныя дзеяньні, каб абмежаваць уплыў падвышэньня цэнаў на нафту на бюджэт і плацёжны балянс, і пэрсанал Фонду падтрымлівае гэтыя меры”, - гаворыцца ў распаўсюджаным 17 лютага прэс-рэлізе МВФ.

Экспэрты МВФ назвалі таксама “адэкватным” дзейны рэжым валютнага курсу. Яны лічаць, што грашова-крэдытная палітыка забясьпечыць "падтрыманьне даверу да рэжыму валютнага курса”.

Паводле высноваў місіі МВФ, працэс прыватызацыі ішоў больш маруднымі тэмпамі, чым чакалася. Экспэрты адзначаюць, што ўладам неабходна яго актывізаваць, каб скараціць умяшаньне дзяржавы ў эканоміку і прыцягнуць прамыя замежныя інвэстыцыі.

“Місія дасягнула ўзаемаразуменьня з уладамі адносна мераў, якія забясьпечаць прагрэс у галіне прыватызацыі”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе МВФ.

Нагадаем, 12 студзеня 2009 года МВФ прадставіў Беларусі крэдыт у рамках 15-месячнай праграмы амаль на 2,46 мільярдаў даляраў. У чэрвені 2009 года ён быў павялічаны да 3,52 мільярдаў даляраў.

У інтэрвію "Свабодзе" экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што патрабаваньні МВФ «былі мінімальныя».

Станіслаў Багданкевіч
"Тыя, хто думае, што трэба мадэрнізаваць эканамічныя стасункі, хацелі б, каб МВФ больш жорстка патрабаваў правесьці мадэрнізацыю беларускай эканомікі, правесьці рынкавыя пераўтварэньні. Але гэтага сам фонд раней не зрабіў. Таму яму няма чаго наракаць на беларускі ўрад", - сказаў Станіслаў Багданкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG