Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дні, каб стаць у чаргу на жытло паводле старых правілаў


Агляд недзяржаўнай прэсы

Газэта “Бабруйскі кур’ер” паведамляе пра лёс гатэлю “Бабруйск”, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Цяпер кантрольны пакет акцыяў гатэлю, 51% статутнага фонду, належыць расейскай кампаніі “Аспэкт”. 47% па-ранейшаму застаецца ў гарадзкой камунальнай уласнасьці, 1% акцый – у супрацоўнікаў гатэлю і жыхароў гораду. Утрымальнік кантрольнага пакету мае інвэставаць у гатэль не меней за 60 мільёнаў расейскіх рублёў.

У храме Сьвятога Духа, -- распавядае газэта, -- да Дню памяці Сабора ўсіх навапакутнікаў праходзіць фотавыстава, прысьвечаная пацярпелым за веру Хрыстову.

Паводле айца Валянціна, “ідэя распачаць працу ў гэтым накірунку ўзьнікла два гады таму. Яшчэ патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Алексій ІІ даў згоду на фарміраваньне кананізацыйных аддзелаў. За гэты час мы правялі вялікую працу: былі падняты сакрэтныя матэрыялы ў КДБ, высьветлены абставіны, з-за якіх адбываліся рэпрэсіі. Усяго ўдалося вывучыць 106 спраў. Выдзелілі пяць сьвятароў, якіх будуць кананізаваць. Бывалі выпадкі, калі сьвятароў на допытах імкнуліся прымусіць адрачыся ад сану, веры, прызнаць сваю віну. Часьцей за ўсё да сьвятароў ужывалася вышэйшая мера пакараньня. Выстава будзе праходзіць яшчэ тыдзень.

Тыднёвік “Наша ніва” паведамляе, што ў Менска магчыма зьявіцца дзевяць гарадоў-спадарожнікаў. Распавядае аўтар артыкула Ягор Марціновіч:

“Што такое гарады-спадарожнікі? Гэта невялікія гарадкі, якія знаходзяцца каля мэгаполіса і дазваляюць штучна абмяжоўваць шматмільённае насельніцтва цэнтра. Яны існуюць ужо ва ўсім сьвеце і вось нарэшце дайшлі да Беларусі. У першую чаргу гэта – Смалявічы, Заслаўе і Дзяржынск. Але наконт астатніх 6 гарадоў ніводная дзяржаўная структура ня хоча ўзяць на сябе адказнасьць дакладна абвесьціць грамадзкасьці, - што за яны”

Таму “Наша ніва” правяла росшукі патэнцыйных гарадоў-спадарожнікаў самастойна.

“Засталося два дні, каб стаць у чаргу на жытло паводле старых правілаў”, - паведамляе “Комсомольская правда в Белоруссии”. “З 19 лютага жыльлёвыя чэргі будуць фармавацца па новых правілах. І шмат хто афіцыйна перастане мець права палепшыць жыльлёвыя умовы.

Да тых, хто падасьць дакумэнты да 19 лютага, будуць прымяняцца нарматывы заканадаўства, якія дзейнічалі на дзень падачы заявы.

XS
SM
MD
LG