Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст незалежнага прафсаюзу судзіцца з “Белаз”ам


Сёньня ў Менскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на рашэньне гарадзкога суду Жодзіна. Сябра незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Юры Лобан просіць прызнаць несправядлівым рашэньне, якім адмоўлена ў ягоным аднаўленьні на працы.

Кіраўніцтва прафсаюзу заяўляе, што з “БелАЗу” Юрыя Лобана звольнілі за прафсаюзную дзейнасьць.

На “БелАЗе” Юры Лобан працаваў кіраўніком брыгады грузчыкаў цягам пяці гадоў. Ня меў спагнаньняў, атрымоўваў заахвочваньні за добрую працу. А два месяцы таму яго звольнілі паводле заканчэньня працоўнага кантракту. За ўвесь гэты час Юры ня здолеў уладкавацца ні на адно працоўнае месца ў горадзе. Вось як гэта тлумачыць Юры Лобан:

“Працоўныя стаўкі скарачаюцца і ніхто не бярэ на працу. А калі нават і запытаюцца прычыну мінулага звальненьня, то кажу, што кантракт скончыўся. Яны яны пачынаюць высьвятляць -- яны ж стэлефаноўваюцца з адміністрацыяй “БелАЗ” у -- а пасьля кажуць: прабачце, вы нам не адпавядаеце”.

Юры Лобан ужо зьвяртаўся ў суд Жодзіна, але той падтрымаў адміністрацыю “БелАЗу”.

У сям’і актывіста трохгадовую дачка, маці дзяўчынкі таксама беспрацоўная.

Кіраўнік абласной арганізацыі РЭП Мікалай Пахабаў перакананы, што Юрыя пазбавілі працы за прафсаюзную актыўнасьць:

“Юры Лобан прыносіў на прадпрыемства нашу газэту “Працоўная салідарнасьць” і раздаваў людзям. Ён даваў альтэрнатыўную інфармацыю. Яго звольнілі без тлумачэньня прычын, дырэктар яго не прыняў. Суд першай інстанцыі мы прайгралі, бо ў Беларусі надзвычай цяжка выграць суд паводле падобных пытаньняў. Проста гэта працуе дзяржаўная сыстэма. Але мы будзем працягваць барацьбу ў абарону Юрыя Лобана”.

Як паведаміў спадар Пахабаў, кіраўнік міжнароднай фэдэрацыі мэталістаў і накіраваў на імя Аляксандра Лукашэнкі ліст з заклікам аднавіць на працы Юрыя Лобана. Аднак, не зважаючы на міжнародную ўвагу, у Беларусі працягваецца ціск на актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху, кажа кіраўнік прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

“Ціск ідзе па ўсіх рэгіёнах: і ў Мазыры, і ў Горадні, у і іншых гарадах. Безумоўна, мы давядзем гэтую інфармацыю да місіі Міжнарожнай арганізацыі працы, каб у Менску працаваў яе офіс і бачыў усе прыклады парушэньня правоў працоўных у Беларусі”.

Актывісты прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці таксама плянуюць арганізаваць 25 лютага пікет у падтрымку Юрыя Лобана.

XS
SM
MD
LG