Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадаецца брэнд “Батька”


Расейская гандлёва-вытворчая кампанія “ЛиК”, якая займаецца ўкараненьнем у бізнэс-асяродак аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасьці, патэнтаў, гандлёвых знакаў, год таму атрымала патэнт на права валоданьня брэндам “Батька”.

Паводле вынікаў сацыялягічнага апытаньня, праведзенага кампаніяй «НОВАК», да 90% беларусаў гатовыя купляць тавары пад маркай «Батька». Пілётныя дасьледаваньні, праведзеныя ў Расеі і Ўкраіне, паказваюць аналягічныя вынікі. Але ў Беларусі гандлёвы знак «Батька» рэгістраваць адмаўляюцца. Таму “Лик” гатовы прадаць брэнд. Абвесткі пра продаж зьявіліся ў беларускіх СМІ.

Генэральны дырэктар расейскай кампаніі «ЛіК» Юры Рудніцкіх кажа, што ідэя рэгістрацыі гандлёвага знака “Бацька” зусім не новая, яна грунтуецца на папулярнасьці брэнда зь імёнамі таго ці іншага палітыка. Ён не хавае:

«Канечне ж, мэта была асацыяцыі выключна з лідэрам краіны. Каньяк «Напалеон», цыгараэты «Мальбара» асацыяваліся з канкрэтнымі палітыкамі. Брэнд становіцца папулярным таму, што папулярны ваш прэзыдэнт. Толькі таму».

Юры Рудніцкіх падкрэсьліў: самае галоўнае для дасягненьня посьпеху тое, што якасьці палітычнага лідэра асацыююцца з якасьцямі тавара і становяцца ў разуменьні спажыўца гарантам якасьці тавара:

«Мы хочам у Беларусі вырабляць, а ў Расею пастаўляць. Аптавікі, зь якімі мы працуем, гатовыя распаўсюджваць такую прадукцыю. Гэта будуць алькагольныя напоі, піва, мінэральная вада, гарбата, квас. Мы ня першыя, хто такую ідэю спрабуе ажыцьцявіць».

Дарэчы, сталічны лікёра-гарэлачны завод «Крышталь-Менск» спрабаваў зарэгістраваць брэнд «Бацькава гарэлка». Не зарэгістравалі. На думку крэатыўнага дырэктара буйной беларускай рэклямнай кампаніі Руслана, ідэя брэнда са словам «Бацька» добрая, але не для Беларусі:

«Магчыма, сапраўды, грамадзтва наша не дарасло. Калі нешта крэатыўна назваць, то гэта проста ня будзе карыстацца попытам. Калі абстрагавацца ад мянушкі нашага прэзыдэнта, цалкам нармалёвы брэнд: «Бацькаў квас», «Бацькава піва», «Бацькава гарэлка», «Бацькавы гуркі», «Бацькава сала».

У Беларусі гандлёвы знак «Батька» не зарэгістраваны. Ён зарэгістраваны ў Расеі, Малдове, Казахстане, краінах Балтыі. Генэральны дырэктар кампаніі «Лік» Юры Рудніцкіх перакананы, што прадукцыя пад брэндам “Батька” каб заваяваць сэгмэнт расейскага рынку, павінна і вырабляцца ў Беларусі. І тады экспансія адносна таннай і якаснай беларускай прадукцыі на расейскі рынак стане незваротнай: любая спроба вышчыміць яе будзе ўспрымацца ўжо не як “санітарная акцыя” Анішчанкі, а як палітычная: маўляў, расейская ўлада баіцца “беларускага бацькі”. Але беларускія ўлады гэтага ня хочуць зразумець, лічыць спадар Рудніцкіх:

«Мы пісалі пра гэта і ў адміністрацыю прэзыдэнта, у Савет Міністраў – адказы няўцямныя. Напэўна баяцца, я так думаю. Мы дайшлі да Вярхоўнага Суду, але туды падаваць ня сталі. Адказы стандартныя: маўляў, знак не мае адметнага адрозьненьня. На наш погляд, неабгрунтаваныя адказы».

Крэатыўны дырэктар рэклямнай кампаніі Руслан такім чынам тлумачыць адмовы зарэгістраваць брэнд у Беларусі:

«Што тычыцца брэнда «Батька» -- таму што чыноўнікі блізка знаёмыя з прэзыдэнтам, і здольныя прадказаць ягоную рэакцыю. Яны мяркуюць, што ён будзе не ў захапленьні ад гэтага, таму і баяцца».

Такім чынам, расейцы вымушаныя шукаць пакупнікоў на брэнд «Батька». Некаторыя тэлефануюць, прапануюць супрацоўніцтва, але купіць не адважваюцца...

XS
SM
MD
LG