Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў могуць падаць дакумэнты на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп.

Такія групы патрэбны толькі тым прэтэндэнтам на мандаты, якія вылучаюцца праз збор подпісаў выбарцаў. Але без зарэгістраваных груп яны ня могуць зьбіраць галасы ў сваю падтрымку.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік гаворыць: наступіў адзін з самых важных этапаў выбарчай кампаніі – вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты:

“Адзін з спосабаў вылучэньня – збор подпісаў у падтрымку таго ці іншага кандыдата. На сёньняшні дзень каля 4000 ініцыятыўных груп падалі заяўкі на рэгістрацыю. Цягам пяці дзён камісіі мусяць разглядзець заявы і ў выпадку рэгістрацыі выдаць пасьведчаньні чальцоў ініцыятыўных груп і падпісныя лісты. Ну, а далей пойдзе сам працэс вылучэньня, які будзе цягнуцца амаль месяц

Паралельна могуць праходзіць сходы працоўных калектываў і паседжаньні кіроўных органаў палітычных партый. Яны таксама могуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты”.

Прашу спадара Лазавіка ўдакладніць, колькі подпісаў трэба сабраць ахвотным стаць дэпутатамі:

“У залежнасьці ад тэрытарыяльнага роўню Савету, колькасьць подпісаў павінна быць розная. Кандыдату ў абласны і Менскі гарадзкі Савет трэба сабраць 150 подпісаў. У раённы савет альбо гарадзкі (для гарадоў абласнога падпарадкаваньня) дастаткова і 75. А ў савет базавага роўню (пасялковы, сельскі) хопіць і 20 подпісаў. Гэта – няшмат. І я думаю, кожны, хто жадае стаць дэпутатам, справіцца з гэтай задачай”.

Збор подпісаў асабліва важны для грамадзкіх арганізацыяў. Яны, у адрозьненьне ад палітычных партый, ня маюць права самастойна вылучаць кандыдатаў на дэпутацкія мандаты. Аднак гэта не стане перашкодай для актывістаў Таварыства беларускай мовы, лічыць яго старшыня Алег Трусаў (на здымку ўверсе). Таварыства прыняло зварот да сваіх сяброў, каб яны ішлі ў дэпутаты. Гэты дакумэнт надрукаваны, яго можна паглядзець на афіцыйным сайце ТБМ.

Спадар Трусаў так тлумачыць такую актыўнасьць:

“Ёсьць унікальная магчымасьць правесьці кампанію па-беларуску – зрабіць на роднай мове ўсю інфармацыю, патрабаваць беларусізацыі школ, клясаў, шыльд, вуліц і г.д. Гэта сапраўды ўнікальная магчымасьць скарыстаць выбарчую кампанію ў мэтах беларусізацыі і раённых Саветаў, і людзей.

Тым, хто хоча нешта зрабіць, асабліва моладзі, мы кажам: калі ласка, зьбірайце подпісы і агітуйце людзей. Кажыце ім, што калі мяне выберыце, я ствару вам беларускамоўную клясу, зьмяню назву вуліцы, шыльды павешу і г.д. То бок гэта канкрэтная работа мясцовых Саветаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG