Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 лютага Вярхоўны суд агучыць рашэньне Мін’юсту ў пазове заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі супраць Міністэрства юстыцыі. Чаму ўлады гэтак зацята не дазваляюць БХД пачаць легальную дзейнасьць у якасьці зарэгістраванай партыі? Якія пэрспэктывы мае хрысьціянскі накірунак ў беларускай палітычнай палітры? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты “Беларусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
Чаму ўлады гэтак доўга і зацята змагаюцца супраць рэгістрацыі БХД? Спачатку яны не давалі гэтай партыі памяшканьні для правядзеньня ўстаноўчых сходаў, потым Міністэрства юстыцыі і суды ўсіх узроўняў вырашылі, што партыя ня можа быць зарэгістравана. Чаму ўлады дзейнічаюць гэтым чынам? Няўжо рэгістрацыя яшчэ адной партыі можа неяк паўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі?

Быкоўскі: Можна зазначыць, што ўжо працяглы час ніводзін аргкамітэт ня можа пераадолець фармальнасьці, неабходныя для стварэньня партыі. Што тычыцца канкрэтна сытуацыі з БХД, то тут ёсьць і палітычныя чыньнікі. У прыватнасьці, харызматычнасьць Паўла Севярынца, іншых лідэраў БХД, якія ўспрымаюцца ўладай як радыкалы і як асобы, за якімі можа пайсьці моладзь. Таму партыя можа выглядаць у вачах уладаў, як нешта для іх сапраўды небясьпечнае. Бо змаганьне за моладзь заўсёды было вельмі важным для кіроўнага рэжыму.

Цыганкоў: БХД вядзе вельмі актыўную палітычную дзейнасьць. Яны наладзілі стасункі з рэлігійнымі канфэсіямі, з заходнімі партыямі хрысьціянскага кірунку. Як могуць выглядаць далёкасяжныя пэрспэктывы гэтай палітычнай сілы ў Беларусі?

Быкоўскі: Пашырэньне рэлігійнай думкі на грамадзтва – дастаткова сур’ёзны выклік для ўлады, бо ўзьнікае іншы аўтарытэт, які ня ёсьць аўтарытэтам канкрэтнага палітыка. Гэта аўтарытэт “вечны”, на які можна спасылацца. Таму за савецкім часам, ды й цяпер актыўная рэлігійная дзейнасьць вельмі хвалюе ўлады. І цалкам абгрунтавана. Бо калі ўзьнікае канфлікт паміж аўтарытэтам палітычнага кіраўніка і аўтарытэтам у рэлігійнай супольнасьці, то гэта будзе хутчэй на карысьць аўтарытэту, які бліжэй да вернікаў.

Цыганкоў: Рэгістрацыя БХД засьведчыла б Эўропе, што ў Беларусі сапраўды адбываецца палітычная лібэралізацыя. Ці дае падставы гэты ды шэраг іншых фактаў казаць, што пакуль улады вырашылі з лібэралізацыяй пачакаць – а наадварот, ідзе пэўнае закручваньне гаек.

Быкоўскі: Напэўна, ідуць адначасова два працэсы. Калі МЗС, напрыклад, хацела б, каб у краіне было больш доказаў лібэралізацыі, то існуе шэраг іншых асобаў, што рабілі кар’еру на закручваньні гаек – асабліва зараз, перад выбарамі, хочуць паказаць, што яны патрэбныя. Таму калі сытуацыя пачне вагацца (а выбары гэтаму хоць у нейкай ступені будуць спрыяць) – дазволіць існаваньне яшчэ адной палітычнай сілы ўлады палічылі небясьпечным.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG