Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуляка: “Борыс нічога ня робіць, а толькі муціць ваду”


Леанід Гуляка

Леанід Гуляка

Упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка пракамэнтаваў сытуацыю, якая склалася вакол Саюзу палякаў на Беларусі. Па яго словах, ніякіх двух саюзаў палякаў у Беларусі няма, а ёсьць адна агульная арганізацыя, якую ўзначальвае Станіслаў Сямашка.

Гуляка падкрэсьліў, што дзяржава прынцыпова ня ўмешваецца ў работу нацыянальных аб’яднанняў, а таму не ўмешвалася і ў сытуацыю, калі ў верасьні 2009 года ў Горадні адбыўся зьезд СПБ, на якім новым старшынёй замест Юзафа Лучніка быў абраны згаданы Сямашка. Што да іншага сходу ў сакавіку таго ж году, то гэта, як выказаўся Гуляка, быў сход “так званых прыхільнікаў Анжалікі Борыс”, які з часам сталі называць зьездам.

Гэтаксама Леанід Гуляка пракамэнтаваў сытуацыю са спрэчным Домам польскім у Івянцы. Ён давёў, што ў ягонае ведамства паступаюць лісты ад сябраў івянецкага аддзяленьня Саюза палякаў, абураных пазыцыяй Анжалікі Борыс і Тэрэсы Собаль, якая ўзначальвала філію ў Івянцы. Як лічыць чыноўнік, па сутнасьці Собаль сама сябе проціпаставіла большасьці сябрам саюза, падзяліўшы іх на “набліжаных” і “не набліжаных”. І калі летась паўстала пытаньне аб яе знаходжаньні ў саюзе, большасьцю галасоў удзельнікаў зьезду яна адтуль была выведзеная. А цяпер, маўляў, ня хоча здаць свае паўнамоцтвы. Гуляка, у сваю чаргу, легітымным кіраўніком івянецкага аддзяленьня СПБ лічыць Станіслава Бурачэўскага, які быў тэрмінова абраны замест Собаль, аднак -- “без удзелу беларускіх уладаў”.

Паводле Гулякі, людзі на месцах абураюцца: маўляў, акрамя як з Інтэрнэту, пра Анжаліку Борыс увогуле нідзе не ведаюць. Таму што яна нічога не робіць, а толькі “муціць ваду”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG