Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэйм Польшчы рэкамэндуе вярнуць санкцыі супраць Беларусі

  • БелаПАН

Сэйм Польшчы прыняў рэзалюцыю, якая асуджае дзеяньні беларускіх уладаў у дачыненьні да польскай нацыянальнай меншасьці.

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва РАР, у рэзалюцыі адзначаецца, што апошнім часам польскі ўрад выступіў з ініцыятывай аб збліжэньні зь Беларусьсю. Аднак "у сувязі з перасьледамі польскай меншасьці, дзеяньні польскіх уладаў павінны быць накіраваныя на падтрымку беларускага грамадзтва".

Польскія дэпутаты лічаць, што "ўзровень супрацоўніцтва Польшчы і Эўразьвязу з беларускімі ўладамі павінен напрасткі залежаць ад узроўню выкананьня грамадзянскіх правоў у Беларусі". Яны выказаліся ў падтрымку намаганьняў беларускага грамадзтва праз фінансаваньне дзейнасьці незалежных СМІ, у прыватнасьці тэлеканалу "Белсат".

У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамэндацыя "разгледзець магчымасьць вяртаньня да палітыкі санкцый у дачыненьні да Беларусі".

Дэпутаты заклікалі беларускія ўлады выконваць правы чалавека і грамадзянскія правы.

Па інфармацыі польскіх СМІ, рэзалюцыя была прынята праз працэдуру аккламацыі (агульным ухваленьнем залі), без галасаваньня.

Спікер сэйму Браніслаў Камароўскі сказаў, што на наступным тыдні Польшчу можа наведаць Анжаліка Борыс, кіраўнік непрызнанага Саюза палякаў у Беларусі.

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі раней накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім выказаў "сваю заклапочанасьць і рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюзу палякаў у Беларусі".

Канфлікт вакол неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі працягваецца. Раскол у саюзе адбыўся ў 2005 годзе. Частка арганізацыі афіцыйна зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі Беларусі. Неафіцыйнае крыло СПБ на чале з Борыс падтрымліваюць польскія ўлады.

Канфлікт абвастрыўся ў пачатку 2010 году, калі на Дом польскі ў Івянцы прэтэндавалі абодва саюза. 8 лютага судовыя выканаўцы зрабілі вопіс маёмасьці Дома польскага, вытурылі з будынку актывістаў неафіцыйнага СПБ. Дырэктара дома Тэрэсу Собаль абвінавацілі ў захопе будынка.

15 і 17 лютага былі затрыманыя дзясяткі актывістаў непрызнаванага саюзу, якія накіроўваліся на судовы працэс над Собаль ў Валожын, сярод якіх была і Анжаліка Борыс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG