Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лютая палітыка”: палітыкі маюць права на глупства


Юрась Чавусаў

Юрась Чавусаў

Сёньня ў Менску адбылася ўрачыстая цырымонія ўганараваньня прэміямі “Лютая палітыка. Самыя смачныя кавалкі палітычнага году ў Беларусі”. Прэміі жартоўныя, а заснавальнікі іх перакананыя, што сьмех мае як пазнавальную, так і тэрапэўтычную каштоўнасьць.

На думку заснавальнікаў прэмій “Лютая палітыка”, палітычны працэс праяўляецца як у велічных формах, трагедыях і драматычных эпапэях, так і ў фарсах, а часам у гратэску. І хоць у Беларусі ёсьць шмат палітычных, праваабарончых прэміяў, кола журналістаў і палітолягаў, якія да таго ж маюць свае блогі, прыйшло да высновы, што наяўная канфігурацыя гэтых прэміяў не адлюстроўвае належным чынам палітычную сыстэму ў Беларусі. Распавядае палітоляг Юрась Чавусаў:

“Нам не хапае альтэрнатыўнай прэміі, прэміі, якая б адлюстроўвала самыя крэатыўныя, сьмешныя, гратэскныя моманты палітычнага жыцьця, пра якія гамоняць у блогах, спрачаюцца на форумах, але пра якія часам забывае афіцыйная палітычная навука”.

Пераможцы вызначаліся ў 12 агульных намінацыях. Вось некаторыя зь іх: “Эўраразэтка”; “За вынас мозгу сродкамі палітычнага аналізу”; “Скандал”; “Запільнасьць”; “За тонкі гумар і разнастайнасьць думак — за няспраўджаны прагноз году”; “Зьліцьцё і паглынаньне” — за посьпехі ў кааліцыйным развале-будаўніцтве. Пераможцаў узнагароджвалі васковым Дыягенам: на думку заснавальнікаў “Лютай палітыкі”, гэты старажытны філёзаф увасабляе сабою іранічнае стаўленьне да палітычнага жыцьця.

Да прыкладу, намінацыя “Эўраразэтка” — за найлепшую інтэграцыю з Эўропай. Тут перамог аргкамітэт кангрэсу Эўрапейскага выбару ў асобе Міколы Статкевіча. Сярод прэтэндэнтаў у гэтай намінацыі быў і Хавіер Саляна, з чыйго засакрэчанага візыту, пра які ўсе ведалі, пачалося прагматычнае пацяпленьне стасункаў з Эўропай. Трэцім прэтэндэнтам быў Аляксандар Лукашэнка, які адаптаваў эўрапейскія каштоўнасьці пад сябе.

Шмат у якіх намінацыях пераможцамі сталі дзяржаўныя органы і высокія службовыя асобы. Сябра журы Аляксандра Клімовіч абвяшчае пераможцу ў намінацыі “Скандал”:

Аляксандра Клімовіч
“Скандал году” — супольна Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя за прыпісваньне дыягназаў прызыўнікоў, якія паводле мэдычных паказьнікаў не маглі быць прызваныя ў войска, а паводле палітычных мусілі быць ізаляваныя ад грамадзтва. Атрымоўвае Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя”.

Сярод пераможцаў — Савет Міністраў Беларусі (за скандальную пастанову № 991 пра забарону гандлю) — у намінацыі “Дура Лекс” за трыюмф юрыдычнай думкі, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Леанід Козік ды іншыя.

З усіх пераможцаў на ўрачыстую цырымонію прыйшоў адзін Алесь Міхалевіч. Ён выйграў у намінацыі “Палітыка 2.0 — за спалучэньне віртуальнага і палітычнага”, за “выкарыстаньне сацыяльных сетак для лоўлі чалавечых душаў”:

Алесь Міхалевіч
“Мне вельмі падабаецца сама ідэя. Лічу, што такога ў Беларусі вельмі не хапае, бо прыколвацца з палітыкаў — гэта вельмі важна і пазытыўна. Ад сябе асабіста скажу, што ў мяне зьявіцца нашмат больш магчымасьцяў быць палітыкам ня толькі віртуальным, але і рэальным”.

Меркавалася прысудзіць і галоўны прыз — “Палітык году”. Але капэрта аказалася пустой. Пераможца ня вызначаны.

Мяркуецца, што жартаўлівая прэмія “Лютая палітыка” стане традыцыйнай і будзе прысуджацца штогод.



А таксама:


Прэмію "За вынас мозгу сродкамі палітычнай аналітыкі" атрымаў былы лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, які ў сваіх аналітычных матэрыялах абвінаваціў сваю ж партыю ў калябарацыянізме і на падставе дакумэнтаў кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў зрабіў выснову аб тым, што АДС залішне радыкальныя.

Нажоўку ў якасьці прыза прэміі "Запільнасьць" атрымала Кансеэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, якая нібыта выкрыла змову спецслужбаў пры правядзеньні зьезду Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына".

Прэміяй "За тонкі гумар і разнастайнасьць думак" ўзнагароджаны Яраслаў Раманчук і астатнія яго калегі-эканамісты, якія ў пачатку 2009 году прадказвалі дэвальвацыю беларускага рубля і курс даляра да беларускага рубля ў памеры больш як чатыры тысячы за даляр.

Прэмію "За посьпехі ў кааліцыйным развале-будаўніцтве "Зьліцьцё і паглынаньне" атрымала кааліцыя АДС, якая так і ня вызначылася, выйшлі зь яе шэрагаў рух "За Свабоду" і Партыя БНФ альбо не.

Прыз "За лепшы рэбрэндынг. Пазіцыянуйся!" атрымала былая Партыя камуністаў Беларуская, якая зьмяніла сваю назву на Беларускую партыю левых "Справядлівы Сьвет".

"Сродкам масавай інфармацыі году" быў названы інтэрнэт-рэсурс "Хартыя'97" – за жорсткую цэнзуру камэнтарыяў і тэндэнцыйнасьць падачы інфармацыі.

"Ганаровы кубак імя Уэльбэка-Рэзэрфорда" элементарных часьцін" атрымалі моладзевыя апазіцыйныя лідэры Артур Фінькевіч, Зьміцер Касьпяровіч і Цімафей Дранчук."

Спэцыяльны прыз "Рэйдэрский захоп-2009" атрымала група невядомых хакераў, якія ўстанавілі кантроль за сайтам Партыі БНФ так, што да гэтага часу новае кіраўніцтва БНФ ня можа яго абнаўляць або перарабляць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG