Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся суд у справе БХД і Мін’юсту


Завяршылася судовае пасяджэньне ў справе заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі супраць Міністэрства юстыцыі. Сустаршыні аргкамітэту БХД зьвярнуліся ў Вярхоўны суд, каб адмяніць рашэньне Мін’юсту аб адмове зарэгістраваць партыю.


Судзьдзя Вярхоўнага суду Валянціна Кулік у спрэчках заслухала прадстаўнікоў: Мін’юсту – Уладзімера Какушу, пракуратуры – Уладзімера Пляўданскага і БХД – Віталя Рымашэўскага.

Судовы працэс пачаўся 15 лютага. На ім прысутнічалі прадстаўнікі нямецкай і амэрыканскай амбасадаў, а таксама грамадзкія дзеячы.

Летась заснавальнікі БХД двойчы праводзілі ўстаноўчыя сходы. Двойчы ім давалі памяшканьне ў апошні дзень, пасьля заяваў аб правядзеньні сходу на Кастрычніцкай плошчы. І двойчы Міністэрства юстыцыі адмаўлялася зарэгістраваць партыю, спасылаючыся на недакладнасьці ў сьпісе заснавальнікаў.

У дакумэнтах на рэгістрацыю партыі стаіць 1051 подпіс. 8 зь іх прызналі несапраўднымі. Яшчэ 16 прозьвішчаў былі надрукаваныя з граматычнымі памылкамі. Паводле ж заканадаўства, для рэгістрацыі партыі дастаткова 1000 подпісаў.
Віталь Рымашэўскі

Сьведкі ў судзе распавядалі пра пагрозы з боку ўладаў і чыноўнікаў Мін’юсту, якія патрабавалі, каб яны адмаўляліся ад сваіх подпісаў.

На думку сустаршыні аргкамітэту БХД Віталя Рымашэўскага, судовае рашэньне прадказальнае:

“На судзе мы прадставілі ўсе доказы, выклікалі сьведак для дэманстрацыі таго, як сябе паводзілі прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі ў рэгіёнах. Міністэрства ж юстыцыі не прадставіла ў судзе якога-небудзь значнага ў юрыдычным сэнсе доказу, абгрунтаваньня свайго рашэньня аб нерэгістрацыі.

Як і ўчора, на паседжаньні і судзьдзя, і пракурор абаранялі прадстаўніка Міністэрства юстыцыі, так што складалася ўражаньне, што ягоная прысутнасьць на гэтым судзе непатрэбная”.

Судзьдзя Валянціна Кулік агучыць рашэньне 18 лютага.
XS
SM
MD
LG