Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі раяць не хадзіць у дэпутаты, а ісьці ў БРСМ


Актывісты з розных рэгіёнаў Віцебшчыны распавядаюць, што зь імі праводзяцца «прафіляктычныя гутаркі», каб яны адмовіліся балятавацца на выбарах у мясцовыя саветы.

Энэргетык будаўнічага ўпраўленьня Лукомскай ДРЭС Міхаіл Валасач прыняў рашэньне балятавацца ў дэпутаты Новалукомскага гарсавету і зарэгістраваў ініцыятыўную групу. Праз колькі дзён дырэктар прадпрыемства Ігар Дубоўскі выклікаў яго да сябе й параіў падумаць, перш чым браць удзел у выбарах.

Калі яму не хапае нагрузак на працы, дырэктар паабяцаў "нагрузіць" актывіста дадатковымі справамі, — распавёў кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксей Александровіч. З гэтай нагоды спадар Александровіч скіраваўся на прыём да загадчыцы ідэалягічнага аддзелу Чашніцкага райвыканкаму Тацяны Пчолкінай. Чыноўніца патэлефанавала спадару Дубоўскаму, і дырэктар распавёў, што яго проста хвалюе будучыня маладога чалавека ды ягоныя пляны, таму ён і выклікаў падначаленага.

20-гадовая Настасься Сотнікава, дарэчы, самая маладая на Віцебшчыне прэтэндэнтка на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдата ў дэпутаты, распавяла, як зь ёй размаўлялі ў Аршанскай гарадзкой выбарчай камісіі. Дзяўчына прыйшла, каб атрымаць пасьведчаньні для сваёй ініцыятыўнай групы, а ўсе прысутныя чальцы камісіі наперабой пачалі агітаваць яе адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Нехта абураўся, чаму яна не сябра БРСМ, і раіў неадкладна ўступіць туды, каб «зрабіць нешта значнае сьпярша там». Нехта казаў, што ёй маніпулююць дарослыя апазыцыянэры, хтось выказаў меркаваньне, што яна зьбіраецца балятавацца «за замежныя грошы». І яшчэ гучалі пагрозы, што яна не ўладкуецца на працу, калі скончыць мэханіка-тэхналягічны тэхнікум, дзе зараз вучыцца на 4-м курсе.

Павал Севярынец распавёў, што віцебская гарадзкая выбарчая камісія ўвогуле адмовілася прымаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Максіма Анфілава. Яму сказалі, што ён «усяго толькі маляр-тынкоўшчык», якому ня варта прэтэндаваць на месца ў гарсавеце. А заадно заявілі, што ён дарма зьвязаўся «з сэктантамі з БХД».
XS
SM
MD
LG