Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзеля самаабароны возьмем венікі, зь якімі ў лазьню ходзім”


Разгон акцыі на Дзень салідарнасьці 16 лютага, перасьлед актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі, падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

Супрацоўнікі міліцыі разагналі акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых палітыкаў, якая прайшла ў Менску 16 лютага. Былі затрыманыя больш як 20 чалавек. Гэта трэцяя мірная акцыя дэмакратычных сілаў за апошні месяц, разагнаная з дапамогай сілавых структур. Камэнтары слухачоў:

Аляксандар Лапіцкі: «16 лютага 2010 году я быў сьведкам дзікай расправы міліцыі над дзяўчынай, якая на плошчы перад рэзыдэнцыяй прэзыдэнта разгарнула фотаздымак бясьсьледна зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў, генэрала міліцыі Юрыя Захаранкі. Як крумкачы, на гэтую дзяўчыну наляцела зграя міліцыі, паваліла яе на сьнег і адабрала фатаграфію. Спадар Лукашэнка, я прапаную вам неадкладна пакінуць пасаду прэзыдэнта краіны».

Спадарыня, Горадня: «У Беларусі б’юць людзей, абіраюць. Мне ўжо адзін афіцэр гаварыў: зацягнем у машыну і адлупцуем, за тое, што я яго вырасьціла, хлебам карміла. У знак самаабароны возьмем венікі, што ў лазьню ходзім, прыедзем абавязкова».

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі накіраваў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку ліст, у якім заклікае «асабіста зацікавіцца сытуацыяй польскай меншасьці ў Беларусі». Канфлікт вакол афіцыйнага і неафіцыйнага саюзаў палякаў у тэлефанаваньнях слухачоў:

Спадарыня: «Прывітаньне, шаноўная „Свабода“! Дазвольце мне падзякаваць польскаму прэзыдэнту за тое, што ён панепакоіўся за нас, палякаў, якія жывуць у Беларусі. Нам вельмі было цяжка. Мы тут прыгнечаныя. Дзякую яшчэ Анжаліцы Борыс і ўсім палякам, якія ёй дапамагаюць нас абараніць. У нас сьлёзы ад радасьці на вачах. Дай ёй Божа нас абараніць!»

Віктар Васілевіч Акуленка, Брагінскі раён: «Узьнятае пытаньне польскай меншасьці, падтрыманае «Свабодай», — яўна надуманае. Іншыя грамадзкія суполкі нацыянальных меншасьцяў займаюцца грамадзкай і культурнай дзейнасьцю, і ніхто іх не чапае. І чаму іхняя суполка называецца «Саюз палякаў на Беларусі», а не «Саюз палякаў Беларусі»? Відавочны намёк на вяртаньне «Ўсходніх Крэсаў».

Выказваньне камэнтуе намесьніца старшыні не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Арэхва:


«Нашая арганізацыя зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі ў Беларусі, і я не разумею, якія прэтэнзіі мае гэты грамадзянін. Што тычыцца нашай дзейнасьці, то мы займаемся культурай, хочам, каб нашы дзеці вывучалі польскую мову, і ніякай іншай мэты нашая дзейнасьць ня мае».

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадар: «Што можна чакаць новага, дэмакратычнага, справядлівага, рэальнага, то бок павароту вэктару на 180 градусаў ад старой выбарчай сыстэмы да новай? Нічога там ня зьменіцца. Як была ўся выбарчая сыстэма ў руках камуністычнай улады, так усё застанецца. А каб нешта адбылося заўважнае, новае, справядлівае ў выбарчай кампаніі — трэба, па-першае, каб у камісіях былі людзі ад розных палітычных партый, а таксама назіральнікі. Па-другое, скасаваньне павальных датэрміновых выбараў. Урны павінны быць празрыстыя, як гэта было ва Ўкраіне».

Андрэй, Салігорск: «Няма сілаў маўчаць. На сёньняшні дзень патрабуецца толькі адно: дружна сабрацца ўсім апазыцыйным лідэрам, моладзевым арганізацыям, пісьменьнікам, палякам, усім арганізацыям сабрацца і запатрабаваць рэфэрэндуму пра давер прэзыдэнту. Годзе яму катацца па Альпах, годзе душыць беларускі народ! Годзе 16 гадоў кіраваньня! Толькі рэфэрэндум і адстаўка, і ніякага ўдзелу ў выбарах. Толькі пасьля гэтага пройдуць нармальныя выбары. Ярмошына з Лазавіком таксама павінны сысьці ў адстаўку. Усе ў адстаўку».

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: «Спроба „бацькі“ Рыгоравіча ўсталяваць дзяржаўны кантроль над інтэрнэтам не прынясе яму жаданых вынікаў, бо колькасьць тых, хто ім карыстаецца, павялічваецца з кожным днём, і прасачыць за кожным чалавекам практычна нельга».

Курневіч, Барысаў: «Лукашысты рвуцца да ўлады, у дэпутаты. Відаць, хочуць каля Лукашэнкі стаяць, краінай кіраваць. Як сталіністы пры Сталіне стаялі і так званых „ворагаў народа“ стралялі. Ад лукашыстаў сёньня грахі не адышлі: Захаранку, Красоўскага, Ганчара так і не знайшлі».

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG